У Беларусь прыбыла расійская авіяцыя. Ваенныя вучэнні ці падрыхтоўка да наступлення?
У Мачулішчы прыбылі 12 расійскіх верталётаў падтрымкі Мі-8 і ўдарныя верталёты Мі-24 і Ка-52. Ці трэба беларусам непакоіцца з гэтай нагоды?
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі лічыць, што разгортванне Расавіяцыі ў Беларусі не з'яўляецца падрыхтоўкай да новых наступальных аперацый ва Украіне, адзначае «Нямецкая хваля».
Так, у новым аглядзе сітуацыі ва Украіне Мінабароны Вялікабрытаніі звяртае ўвагу на сумесныя расійска-беларускія ваенныя вучэнні, якія пройдуць у Беларусі з 16 студзеня па 1 лютага.
Ведамства адзначае, што на авіябазе ў Мачулішчах зафіксавана прыбыццё 12 верталётаў падтрымкі Мі-8 і ўдарных верталётаў Мі-24 і Ка-52.
Аднак Мінабароны Вялікабрытаніі лічыць, што новае разгортванне расійскай авіяцыі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, зроблена для правядзення вучэнняў, а не для новых наступальных аперацый ва Украіне. Хоць Расія ўтрымлівае значную колькасць войскаў у Беларусі, яны наўрад ці пакуль складаюць рэальную наступальную сілу, лічаць у брытанскім ведамстве.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», Мінабароны Беларусі ўжо заяўляла, што запланавана правядзенне сумеснага лётна-тактычнага вучэння з РФ. Ад расійскага боку ў гэтых вычэннях прыме ўдзел воінскае фарміраванне паветрана-касмічных сіл.