Пасол Украіны: Беларусь усё ж рыхтуецца да вайны

Беларусь рыхтуецца да новай фазы вайны, сцвярджаюць ва ўкраінскім Генштабе. Аднак ці рашыцца беларуская армія прыняць удзел у паўторным нападзе на Украіну з поўначы?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Што ўплывае на рашэнне беларускіх уладаў і ці можа Украіна ўплываць на рашэнне Мінска? Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім лічыць, што Лукашэнка будзе стаяць да апошняга.



3caba22_kyzym_705.jpg


«Агульны трэнд — не на нашу карысць»

— Першае пытанне досыць відавочнае. Ці рыхтуецца Беларусь да вайны?

— Беларусь рыхтуецца да вайны, і гэта не сакрэт. У прыватнасці, пра гэта неаднаразова Лукашэнка казаў. Пытанне палягае ў іншым — да якой вайны рыхтуецца Беларусь?

Афіцыйныя асобы кажуць, што яны збіраюцца абараняцца, і ні на каго не збіраюцца нападаць. Але вы ж разумееце: калі мы кажам пра пагрозу з боку Беларусі, то гаворка ідзе не толькі аб беларускай арміі.

Уварванне 24 лютага адбылося з тэрыторыі Беларусі, хоць гэта былі расійскія войскі. Таму наяўнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі – галоўная рызыка.

Я казаў гэта з самага пачатку: колькі там будуць прысутнічаць войскі РФ, столькі адтуль будзе існаваць пагроза.

— Цяпер Расія павялічвае прысутнасць...

— Гледзячы з чым параўноўваць. Зараз ідзе паўнавартаснае разгортванне сумеснай групоўкі войскаў.

Дарэчы, на паперы яно існавала даўно і павінна было складаць да 10 тысяч салдат, каля ста танкаў і 170 артылерыйскіх сістэм. Але мы прывыклі да таго, што на працягу апошніх двух гадоў яно знаходзілася на пастаяннай стадыі падрыхтоўкі, перамяшчэння і вучэнняў. Вучэнняў шырокамаштабных або малых, вучэнняў камандных штабоў — гэты працэс і цяпер ідзе пастаянна.

Яны абменьваюцца вопытам, і яны гэта не хаваюць. Ідзе сумеснае навучанне. Ідзе падрыхтоўка да зладжанасці войскаў, падраздзяленняў і ўсё такое.

І цяпер паўстае пытанне мэтаў гэтага працэсу.

— Беларусам актыўна прыходзяць позвы ў ваенкаматы, іх запрашаюць «зверыць звесткі». Што гэта значыць?

— Я не думаю, што сапраўдная мабілізацыя цяпер актуальная. Затое яны вывучаюць негатыўны вопыт мабілізацыі ў Расійскай Федэрацыі.

Яны сапраўды правяраюць увесь існуючы рэзерв, для чаго запрашаюць усіх.

І цяпер у нас няма інфармацыі аб тым, што мабілізацыя сапраўды ідзе поўным ходам.

Магчыма, гэта прыхаваная мабілізацыя, але, хутчэй за ўсё, гэта ўдакладненне даных, каб ведаць, на якія мабілізацыйныя рэсурсы можна разлічваць. Яны хочуць ведаць дакладна лічбы, хто можа быць мабілізаваны. Уласна, на гэта настроеная сістэма.

Вы павінны разумець, што ў Беларусі вельмі структураваная з пункту гледжання ўлады сістэма. Гэта паліцэйская форма кіравання дзяржавай і вельмі жорсткая цэнтралізаваная ўлада.

Таму любы ваенкамат можа запрасіць любога на праверку. За кошт ваеннай дысцыпліны, якая існуе ва ўсіх структурах улады, яны зробяць гэтую мабілізацыю, калі захочуць, маючы дакладныя лічбы адносна наяўных рэсурсаў.

— Мы бачым супрацьлеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, Беларусь вывозіць свае боепрыпасы і частка тэхнікі ў РФ, з другога боку, прыходзіць расійская тэхніка ў Беларусь. Якога патоку больш: з Беларусі ці ў Беларусь?

— Трэба пытацца ў Генеральнага штабу, можа, яны адсочваюць. Афіцыйных даных тут няма.

І я думаю, што гаворка ідзе пра вываз састарэлай тэхнікі РФ, на замену той, якую знішчаюць на полі бою на нашым усходнім і паўднёвым флангах, і пра боепрыпасы, якія таксама пастаўляюцца з Беларусі ў Расію.

Затое ўзбраенне, якое прыходзіць у Беларусь, — гэта найноўшае пакаленне. Гэта значыць, агульны трэнд — абнаўленне тэхнікі больш новымі ўзорамі, і ўтылізацыя ў баях старой тэхнікі і боепрыпасаў з беларускіх складоў.

— Цяпер мы бачым вельмі магутную антыўкраінскую прапаганду ў беларускіх медыя. Наколькі яна дасягнула сваёй мэты? Беларусы, калі будзе загад, будуць гатовыя ваяваць супраць Украіны?

— Прапаганда паступова робіць сваю справу. Відавочна, што настроі ў грамадстве мяняюцца, хоць і не толькі за кошт прапаганды.

Але сапраўды, прапаганда проста вар'яцкая — там усё прарасійскае, усё антыўкраінскае, ніводнай альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі няма і не можа быць.

Ці вераць беларусы гэтай прапагандзе? Тэлевізару вераць. Я назіраю пэўную змену ў настроях. Калі беларусы раней былі больш антываенныя і некалькі праўкраінскія, то цяпер больш з'яўляецца такога: «мы хочам хутчэй міру», і абвінавачваюць у тым, што нібыта Украіна не ідзе на перамовы.

Але хоць агульны трэнд не на нашу карысць — казаць, што адбыўся пералом у грамадстве на карысць падтрымкі Расіі, пакуль нельга.



«Яны ўпэўненыя, што УСУ пойдуць вызваляць Беларусь»

— Беларусь сапраўды рыхтуецца да нападу з боку Украіны ці Польшчы?

— У мяне складваецца ўражанне, што яны на самай справе не вельмі баяцца нападу з боку краін НАТА, і кажуць гэта больш для ўнутранага спажывання.

Гаворка ідзе аб тым, каб трымаць у напружанні беларускае грамадства, каб яно было гатовае да процідзеяння таму, што можа пахіснуць гэты рэжым.

— Ці ўплывае на бачанне беларускімі ўладамі рызык наяўнасць ва Украіне беларускіх вайсковых частак?

 — А вось гэты пытанне з'яўляецца ключавым. Яны не столькі ўкраінскіх войскаў баяцца, колькі сваіх беларускіх выведнікаў, якія цяпер ваююць на фронце за незалежнасць Украіны.

Яны ўпэўненыя, што гэтыя вайскоўцы рыхтуюцца перайсці праз мяжу і вызваляць Беларусь. Таму нас заўжды вінавацяць у тым, што мы быццам рыхтуем нейкіх баевікоў.

Хоць здаецца, што і гэта робіцца больш для ўнутранага спажывання, чым праз рэальнае ўспрыманне гэтай пагрозы.

— Вясной былі чуткі аб удзеле беларускіх ваенных у поўнамаштабным уварванні. У нас ёсць доказы таго, што беларусы хоць і мінімальна, але ўдзельнічалі ў нападзе?

— Не. Ніякіх доказаў няма ў нас.

Я шчыра скажу: тут не трэба нават шукаць. Як Лукашэнка сказаў у свой час: «Мы там не патрэбныя. Там дастаткова было сіл...»

Магчыма, яны дзесьці рыхтаваліся да такога ўдзелу, але ў нас няма ніводнага пацверджання, што гэта адбылося. І я думаю, там была дамоўленасць аб падтрымцы лагістычнага характару.

Не думаю, што асабовы склад беларускай арміі планавалі далучыць да баявых дзеянняў. Прынамсі тады, на этапе планавання гэтай агрэсіі.

— А цяпер?

— А цяпер тым больш гэтага не будуць планаваць.

— Гэта значыць, Лукашэнка будзе стаяць да апошняга?

— Гэтак жа, як Украіна — не Расія, Беларусь — не Расія.

Беларускае грамадства заўсёды будавалася на канцэпцыі: «Мы мірныя людзі, нам ніхто не патрэбны. Але сябе мы будзем абараняць». Гэта ў іх на падкорцы запісана.

Таму любыя агрэсіўныя, наступальныя дзеянні не будуць успрынятыя беларускім грамадствам станоўча. І ўлада павінна гэта ўлічваць.

Паводле www.eurointegration.com.ua

Пераклад НЧ