Туск пра затрыманне Пратасевіча: Гэта акт дзяржаўнага тэрарызму
Старшыня Еўрапейскай народнай партыі, былы кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск назваў сённяшнія падзеі з бортам Ryanair над Беларуусю актам дзяржаўнага тэрарызму.
«Лукашэнка стаў пагрозай не толькі для грамадзян сваёй краіны, але і для міжнароднай бяспекі. Яго акт дзяржаўнага тэрарызму патрабуе неадкладнай і рашучай рэакцыі ўсіх еўрапейскіх урадаў і інстытутаў», — цытуе словы Туска «Еўрарадыё».
23 траўня борта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, сеў у Мінску праз пагрозу мініравання, пазней не пацверджаную. Па іншай версіі — яго пасадзілі ў мінскім аэрапорце з дапамогай вайсковага знішчальніка нягледзячы на тое, што аэрапорт Вільні быў бліжэй. Пасажыраў рэйса адправілі на дадатковы дагляд, падчас якога быў затрыманы блогер і фатограф Раман Пратасевіч, удзельнік каманды Святланы Ціханоўскай.
Дарэчы, Туск сустракаўся са Святланай Ціханоўскай падчас яе афіцыйнага візіта ў Грэцыю, пасля якога яна вярталася ў Літву такім жа рэйсам, як сённяшні, з якога ў Мінску знялі Рамана Пратасевіча.
На пасадку борта Ryanair ў Мінску і затрыманне Пратасевіча ўжо адрэагавалі многія еўрапейскія палітыкі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа называе здарэнне беспрэцэдэнтным. Ён абураецца захопам грамадзянскага лайнера над Беларуссю і патрабуе вызваліць Пратасевіча. Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс паведамляе, што працуе з міжнароднымі партнёрамі, каб бяспечна даставіць пасажыраў лайнера ў Вільню.
Дэпутат Еўрапарламента ад Славакіі Уладзімір Більчык звярнуўся да Лукашэнкі: «Нельга браць у закладнікі рэйсы ЕС. Гэта непрымальны акт варожасці. Мы павінны адказаць значна больш жорсткімі мерамі ў дачыненні да рэжыму ў Мінску».
МЗС Аўстрыі ў твітары прапанаваў правесці незалежнае расследаванне інцыдэнта з экстраннай пасадкай самалёта, а таксама запатрабаваў вызваліць Рамана Пратасевіча.
Навіны пра тое, што адбылося, ужо апублікавалі Washington Post, Greek City Times, Euronews.