Турэмная рэчаіснасць вачыма Алана Сміта
Зняволены ў Беларусі грамадзянін Вялікабрытаніі прыслаў з калоніі ў Віцьбе новыя малюнкі.
Магдалена Валінска, жонка Алана Сміта, брытанскага бізнесоўца, зняволенага ў Беларусі па абвінавачанню ў арганізацыі незаконнай міграцыі, перадала ў "Новы час" яшчэ адну серыю малюнкаў, якія яе муж намаляваў, знаходзячыся за кратамі. Па яе словах, усе яны маюць пад сабой рэальныя здарэнні. Супрацоўнікі калоніі сапраўды ставяцца да Алана па-расісцку, а прыватная размова з консулам немагчымая, нягледзячы ні на якія законы.
Алан Сміт аб'явіў галадоўку
Яшчэ ў сакавіку гэтага года Алан звярнуўся да старшыні ДВП МУС Алега Маткіна са скаргай, дзе пералічыў парушэнні сваіх правоў: вынесеныя спагнанні, прыніжэнні чалавечай годнасці, забарону насіць цішотку з брытанскім сцягам, адмову прадставіць яму правілы ўнутранага распарадку на ягонай роднай мове і іншыя. Аднак атрымаў адказ ад нам.начальніка ДВП В.А.Мандрыка, згодна з якім ягоны зварот быў пакінуты без разгляду, бо нібыта грамадзянін Вялікабрытаніі мусіць звяртацца ў ДВП толькі на рускай ці беларускай мове.
Пазней на пытанне аб тым, як жа ад можна запатрабаваць выканання правілаў ад іншаземца, калі яны толькі на рускай мове, начальнік аддзела выпраўленчага працэса ПК-3 А.Аўсянік адказаў, што "правілы ўнутранага распарадку былі даведзеныя да Алана Сміта прадстаўніком амбасады Вялікабрытаніі пры паступленні ў папраўчую калонію"...
Нягледзячы на шматлікія скаргі на турэмнае начальства і высмейванне беларускай улады ў сваіх малюнкаў, Алан вельмі прыязна ставіцца да Беларусі як такой і беларусаў, сцвярджаючы, што гэта выдатныя краіна і цудоўная нацыя, кажа Магда.
З атрада, у якім знаходзіцца Алан, прыбралі ўсіх, хто размаўляе на ангельскай мове: Даічі Ёшыда (ужо вызвалены), калумбійца Гедзі Геральда, а лепшага сябра Алана ў калоніі, Руслана Урманава, увогуле кінулі ў ШІЗА проста за падтрымку стасункаў з брытанцам.
Алан вызваляецца 29 верасня. Вы можаце падтрымаць яго, напісаўшы ліст у калонію па адрасе: Беларусь, 211300 Віцебская вобласць, Віцебскі р-н, п. Віцьба, ВУ ДВП «ВК №3», атрад №6, Алану Сміту.