«Трансавіяэкспарт» абвяргае аварыю беларускага самалёта са 100 тонамі бомбаў у Саудаўскай Аравіі

Пра аварыю беларускага Boeing 747 з бомбамі для Емена паведаміў "The Aviation Herald". Пацьверджанняў няма. Беларуская авіякампанія сцвярджае, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.



834c0be3_f61a_4745_8be0_dee42afcb4fa_w640_r1_cx2_cy16_cw87_s.jpg

Ілюстрацыйнае фота. Фота AFP

Сайт The Aviation Herald, які збірае інфармацыю пра авіяцыйныя аварыі, паведаміў пра няўдалую пасадку самалёта Boeing 747-200 беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт». Згодна з сайтам, гэта адбылося 26 снежня 2015 году.

Падчас пасадкі рэйс AL-9703 з Мінску на авіябазу ў Хаміс-Мушайце (King Khaled Air Base Airport, Саудаўская Аравія), піша The Aviation Herald, ударыўся рухавіком аб узлётную паласу. Абышлося без пацярпелых, але рухавік для рамонту непрыдатны. Потым, згодна з сайтам, Boeing вылецеў у Мінск на трох цэлых рухавіках і паспяхова прызямліўся ў беларускай сталіцы 6 студзеня.

Самалёт, дадае выданне, вёз 100 тон бомбаў, прызначаных для выкарыстання ў ваенным канфлікце ў Емене. Пілот самалёта, па звестках The Aviation Herald, не меў лётнай практыкі 7 месяцаў.

Выданне даслала запыты Нацыянальнай радзе па бяспецы на транспарце ЗША (NTSB), кампаніі Boeing і беларускаму боку, але пацверджанняў не атрымала. NTSB паведаміла, што не атрымлівала звестак пра такія падзеі. У адкрытых крыніцах інфармацыі пра палёты AL-9703 у гэты час няма.

Звесткі пра аварыю непраўдзівыя па ніводным з пунктаў, запэўніў "Радыё Свабода" намеснік дырэктара «Трансавіяэкспарту» Арцём Сікорскі:

«Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці. Самалёт цяпер знаходзіцца ў Турэччыне, у Анкары. Нічога такога з ім не адбывалася. 26 снежня самалёт, пра які вядзецца гаворка, такі рэйс не выконваў, у гэты час знаходзіўся ў зусім іншым месцы на іншым рэйсе. Гэта пераблытаў нехта з нейкім самалётам, спрабуе прыцягнуць кампанію „Трансавіяэкспарт“.

Гэта канкурэнтная такая нейкая барацьба, каб нас выштурхнуць з гэтага рынку, нічога болей. Любыя перавозкі — камерцыйная таямніца, але гэтая інфармацыя [пра груз бомбаў. — РС] таксама не адпавядае рэчаіснасці, гэта канкрэтная выдумка. І мы ведаем кампанію, якая гэтую „качку“ прадставіла».

www.svaboda.org