Трагедыя на Нямізе не забываецца і праз 24 гады

30 траўня 1999 года трагедыя на станцыі метро «Няміга» ў Мінску забрала жыцці 53 чалавек, пацярпела больш за 150. Большасці загінулых на Нямізе не было і 20 гадоў, толькі трое былі старэйшыя — 36, 47 і 61 год, прыгадвае «Народная Воля».

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


…Той нядзельны вечар быў асаблівым для мінчан. Было арганізаванае масавае свята, якое праходзіла каля Палаца спорту ў гонар двухгоддзя радыёстанцыі «Мір». Больш за 2,5 тысячы мінчан і гасцей сталіцы сабраліся, каб паглядзець выступленне галоўнай групы «Манга-манга».
Аднак, калі гадзіннік паказаў восем вечара, неба стала шэрым, і на людзей абрынуўся моцны лівень, які суправаджаўся градам. Натоўп пачаў ратавацца ад стыхіі. Многія вырашылі, што падземны пераход на станцыі метро “Няміга” будзе надзейным сховішчам.
У метро з усіх бакоў напіралі людзі, многія не звярталі ўвагі на тых, хто павілўся, ішлі прама па іх. За некалькі хвілін у вузкі пераход даўжынёй каля ста метраў змаглі ўціснуцца больш за тысячу чалавек, а выхаду на другі бок у тым пераходзе тады не было, яго зрабілі пазней, ужо пасля трагедыі…


Успаміны лекараў

Mlyn.by прыводзіць успаміны ўрачоў.
30 мая 1999 года на гарадской станцыі хуткай дапамогі практычна не паступала выклікаў, і брыгады не адчувалі вялікай нагрузкі. У гэты дзень сутачнае дзяжурства было ў галоўнага ўрача станцыі Віталя Цішына. Калі пачалася навальніца, праз дзяжурнага міліцыянера ён першым атрымаў просьбу накіраваць брыгады на месца здарэння.
У той час побач з галоўным урачом знаходзіўся ўрач-рэаніматолаг Эдуард Козыраў. Менавіта яго брыгаду адправілі першай на станцыю метро «Няміга». Ён таксама стаў першым медыкам, які ўбачыў лесвіцу, запоўненую целамі людзей.
— Адразу пасля пачатку навальніцы паступіў першы званок ад дзяжурнага работніка міліцыі аб тым, што на «Нямізе» нешта здарылася: ці то кагосьці прыціснула, ці то праваліўся хтосьці. Мы падумалі, што праламаліся ліўневыя рашоткі.
На наша пытанне: «Колькі брыгад паслаць?» — работнік міліцыі адказаў: «Пашліце хоць бы дзве машыны», — успамінае Віталь Цішын.
— Кажу Козыраву: «Будзеце старшым, тэрмінова выязджайце, бярыце пяць машын, дакладвайце». Сам стаў абзвоньваць міліцыю і МНС, каб удакладніць, колькі пацярпелых і што здарылася. Ніхто не мог сказаць, не ведалі яшчэ маштабу катастрофы. Раптам праз тры хвіліны патэлефанаваў урач, які, вяртаючыся з выкліку, праязджаў міма «Нямігі».
Па рацыі перадаў: «Машыну спынілі людзі. З пераходу выносяць шмат пацярпелых. Аказваю дапамогу». І адразу адключыўся. Я зразумеў, што нешта сур’ёзнае, і накіраваў яшчэ дзесяць брыгад. А праз пару хвілін і Козыраў выйшаў на сувязь. Далажыў, што была страшная цісканіна, і ёсць не толькі пацярпелыя, але і шмат загінулых. Я даў каманду дыспетчарскай накіраваць на Нямігу ўсе свабодныя брыгады, якія былі ў горадзе ў той момант. Іх было 56. Праз 35 хвілін далажыў лекар адной з брыгад: «Я стаю трэці ў чарзе за пацярпелымі, але пацярпелых ужо няма».
Службы дзейнічалі аператыўна і справіліся з задачай. Аднак сітуацыя станавілася ўсё больш цяжкай: былі траўмы, несумяшчальныя з жыццём, і хворыя, якіх немагчыма было выратаваць. Дактары змаглі даставіць усіх пацярпелых у клінікі. Дактары, успамінаючы тое, што адбылося, распавядалі, як прама ў машынах займаліся рэанімацыяй тых, хто знаходзіўся ў стане клінічнай смерці, рэанімацыю працягвалі і ў бальніцах. На жаль, выратаваць жыццё ўдалося не ўсім…