Такі саюзнік: Навошта наогул плаціць, калі можна не плаціць?

Атрымліваецца, ты прадаў сваё суверэннае першародства за міску сачавічнай поліўкі, а табе нават поліўкі ад пуза паесці не даюць, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» пра беларуска-расійскія саюзніцкія стасункі...

isasch_i_poliuka.jpg

Тры дні спрабаваў зразумець, пра што такое важнае дамовіліся з Пуціным, калі ён прыязджаў. Таму што пра нешта ж важнае дамовіліся. Тэлевізар пра гэта ўжо чацвёрты дзень распавядае з вельмі шматзначным выглядам.

Тэлевізар, я лічу, дарма распавядаць не будзе. Асабліва са шматзначным выглядам. Таму я пра гістарычныя дамоўленасці нават не сумняваўся. Але хацелася ўсё ж такі зразумець некаторыя дэталі.

А потым я зразумеў, чаму я не магу зразумець гэтыя дэталі. Таму што гістарычныя дамоўленасці ёсць, а дэталяў у іх няма. Таму я гэтыя дэталі і не магу зразумець. Бо там няма чаго разумець. Калі б было мне што разумець, так я адразу б усё зразумеў.

Глядзіце таксама

Напрыклад, сёй-той даўно хацеў, каб Пуцін даў яму расійскія цэны на газ. І я сабе думаў, што гэтым разам мог бы ўжо і даць. Таму што, з аднаго боку, расійскаму газу ўсё роўна ўжо няма чаго губляць. А з іншага боку – саюзніку па складаных геапалітычных абставінах было б прыемна.

Але ж не. Не паабяцаў. Замест газу па расійскіх коштах паабяцаў абмеркаваць «канчатковы алгарытм збліжэння коштаў на газ» пасля 2026 года. І ўлічваючы, колькі разоў абяцалі абмеркаваць гэты канчатковы алгарытм, «пасля 2026 года»  – гэта такі эўфемізм для слова «ніколі». Проста казаць у гасцях слова «ніколі» не вельмі ветліва.

Глядзіце таксама

І калі табе шкада саюзніку газу па ўнутрырасійскіх цэнах, то можна ж было паабяцаць саюзніку грошай. Грошы саюзніку ніколі лішнімі не бываюць. Таму што вайна вайной, а капейка рубель беражэ.

А не хочаш даваць новых грошай, так даруй хоць бы старыя даўгі. Вось з красавіка Мінфін пачаў аддаваць крэдыт за будаўніцтва атамнай станцыі. А ў Мінфіна грошай куры не дзяўбуць. Бо няма чаго дзяўбці. Так калі хацеў бы зрабіць саюзніку прыемнае, то мог бы адкласці яму пачатак выплат яшчэ на год. Тым больш, што раней шмат разоў адкладваў.

Глядзіце таксама

Ну і калі саюзнікам бывае няма чаго сказаць пра гістарычныя дамоўленасці, то яны звычайна кажуць пра адмену роўмінгу. Ёсць у саюзнікаў такія гістарычныя практыкі з 2013 года. І вось скасаванне роўмінгу дакладна нічога б не каштавала расійскім дзяржаўным фінансам. Але нават гэты сціплы, абсалютна бескарысны падарунак саюзніку Пуцін заціснуў. Хоць, я думаю, што заціснуў не таму, што сквапны. А каб іншым разам зноў было пра што пагаварыць.

І вось што атрымліваецца? Атрымліваецца, ты прадаў сваё суверэнная першародства за міску сачавічнай поліўкі, а табе нават поліўкі ад пуза паесці не даюць... Ну таму што, навошта плаціць больш, калі падзецца ўсё роўна няма куды? І навошта наогул плаціць, калі можна не плаціць?