Казакевіч: Пуцін «прыехаў з інспекцыяй» на тэрыторыі, якія знаходзяцца ў зоне ўплыву

Не трэба шукаць лёсавызначальных рашэнняў у перамовах у Мінску. Палітолаг Андрэй Казакевіч у каментрары «Філіну» — пра тое, дзеля чаго расійскі правіцель насамрэч прыляцеў у Беларусь.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

Уладзімір Пуцін знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Мінску. Крамлёўскі правіцель прыляцеў позна ўвечары 23 мая і адразу ж сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У пятніцу 24 мая перамовы працягваюцца — на павестцы, як папярэдне было агучана, пытанні бяспекі, пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і «ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносінаў».

Сярод іншага плануюць абмеркаваць узаемадзеянне з КНР і «арабскімі сябрамі», а таксама другі этап вучэнняў па выкарыстанні нестратэгічнай ядзернай зброі.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што сёння ў Беларусі прызямліўся і самалёт Віктара Януковіча. Асобна, але таксама сёння для перамоў з беларускім міністрам абароны Віктарам Хрэніным прыбыў свежапрызначаны кіраўнік Мінабароны РФ Андрэй Белавусаў.

Глядзіце таксама


Ці гэтыя падзеі ў комплексе мусяць напружваць, ці гэта частка інфармацыйнай спецаперацыі па запалохванні, — а мо, проста збег абставінаў?

— Мне не падаецца, што тут трэба шукаць вялікую канспіралогію, — зазначае у каментары Филину палітолаг, дырэктар інстытута даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

— Думаю, каб трэба было правесці перамовы пра ўдзел Беларусі ў вайне ці нейкія гібрыдныя аперацыі, для гэтага не абавязкова было збірацца ў Беларусі.

Нават наадварот, гэта не самая добрая ідэя, — ёсць пытанні бяспекі, у рэшце рэшт, тэрыторыя прастрэльваецца. Плюс пытанні інфармацыйнай абароны, кібербяспекі: уцечкі і г.д.

Для расіян, мяркую, значна лепш было б правесці такую сустрэчу ў глыбіні сваёй тэрыторыі, дзе яны цалкам кантралююць і фізічную бяспеку, і ўсё астатняе.

Таму не думаю, што трэба шукаць лёсавызначальных рашэнняў у такіх перамовах, як гэтымі днямі ў Мінску. Насамрэч, для падобных сустрэч і так хапае, што абмяркоўваць.

Беларусь усё ж выступае заўважным суб’ектам, які пастаўляе зброю Расіі, прынамсі тое, што можа вырабляць; да таго ж аказвае іншыя паслугі, напрыклад, па рамонце тэхнікі, супрацоўнічае ў іншых фарматах з расійскім ВПК.

Дый сама па сабе ў якасці базы Беларусь з’яўляецца важнай для Расіі, тут мноства пытанняў для абмеркавання, у тым ліку розныя сумесныя праекты чыста вытворчыя, інфраструктурныя.

Час ад часу Пуцін мусіць выязджаць у Беларусь для такіх перамоваў — каб проста паказаць, і наколькі Лукашэнка важны для яго саюзнік, і што ён не баіцца прыязджаць да яго, нягледзячы на блізкасць украінскай мяжы.

То-бок, такія сімвалічныя рэчы, якія мусяць граць на падвышэнне статусу Аляксандра Лукашэнкі.

Таму не выключаю, што гаворка ідзе не пра асабліва важныя і сур’ёзныя перамовы ў пытаннях бяспекі, а пра абмеркаванне па звычайнаму спісу праблем і пытанняў. А раз на колькі год можна гэта правесці і ў Беларусі.

— Паколькі перамовы адбываюцца на тле вучэнняў з адпрацоўкай выкарыстання тактычнай ядзернай зброі, некаторыя эксперты мяркуюць, што мэта візіту Пуціна — «бразганне зброяй» ля межаў заходніх краін. Ці пагодзіцеся вы з такой ацэнкай?

— Сумняваюся, што візіт канкрэтна Пуціна ў Мінск кагосьці можа напужаць у ЕС ці НАТА. Хутчэй, гэта кропка ўразлівасці для расійскіх уладаў, бо гіпатэтычна можа быць падставай для ВСУ неяк скарыстацца сітуацыяй (згадаем куленепрабівальны трап, па якім спускаўся расійскі правіцель на зямлю «сяброўскай краіны». — Рэд.).

Ну, прыехаў Пуцін у Мінск — у чым тут, уласна, ціск на Захад? Еўрапейскія эксперты таксама задаюцца гэтым пытаннем.

Можа быць, мэта — прыцягнуць увагу і зноў нагадаць усім, што Беларусь з’яўляецца расійскім плацдармам, а Пуцін «прыехаў з інспекцыяй» на тэрыторыі, якія знаходзяцца ў зоне ягонага ўплыву. Але не больш за гэта.

Не думаю, што сам па сабе візіт можа неяк паўплываць на ўрады заходніх краін ці ўрады краін-сябраў НАТА. Зараз усе звяртаюць увагу на дзеянні больш, чым на словы і нейкія сімвалічныя жэсты.

Калі б пачалося разгортванне нейкіх вайсковых груповак на тэрыторыі Беларусі — так, на гэта звярнулі б увагу (узгадаем, прынамсі, сітуацыю з «Вагнерам», гэта напружыла ўрады Польшчы і Літвы).

Думаю, што на сустрэчы будуць абавязкова падымацца пытанні бяспекі, але агулам гэта можа быць дзяжурны візіт, і камунікацыя адбываецца ў тым полі, каб абмеркаваць бягучыя справы.

Пуцін сказаў, што нядаўна сустракаўся з арабамі, плюс у Кітай таксама ездзіў — можа быць, з’явіліся схемы па абыходзе санкцый, новыя вытворчасці, інвестыцыйныя праекты, якія трэба абмеркаваць з беларускімі ўладамі.