Светлагорск. Райвыканкам даў справаздачу інвалідам-вазочнікам наконт безбар'ернага асяродку

Старшыня дабрачыннай арганізацыі «Предтеча», інвалід першай групы, грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка атрымаў адказ са Светлагорскага райвыканкаму — справаздачу аб шэрагу мерапрыемстваў, якія праведзены ў межах праграмы па безбар'ерным асяродку.



babr_inval_eksperyment_4.jpg

Фота з сайта spring96.org

Згодна адказу, супрацоўнікі ДАІ ўзмацнілі кантроль за выкананнем кіроўцамі Правіл дарожнага руху ў раёне крамы «Евроопт» — у месцах паркоўкі для інвалідаў. Камунальнае прадпрыемства «Светочь» правяло рэйд разам з інвалідам-вазочнікам і вызначылася з неабходнымі мерапрыемствамі па безбар'ерным асяродку. Былі выкананы працы па рамонту ходнікаў, у крамах па загадзе аддзела гандлю ўсталяваны «элементы безбар'ернага асяродку».

Абяцана, што да 25 снежня будуць усталяваны пандусы ў будынках раённай бальніцы. «Працы па паніжэнню бардзюраў будуць выкананы пры ўмове дадатковага фінансавання з бюджэту», — адзначана ў лісце з выканкама.

«Мяне здзівіла ў адказе, што наш зварот знаходзіцца на кантролі да 31 снежня 2015 года. Гэта значыць — да канца рэалізацыі Праграмы аб безбар'ерным асяродку на 2011–2015 год? А яшчэ столькі прац па безбар'ерным асяродку не выканана! Улады пішуць, што праграма рэалізавана на 60–70%, але па нашых дадзеных і маніторынгу — толькі на 30%», — пракаментаваў Юрый Ляшэнка.

Ён нагадаў, што Беларусь далучылася да «Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў». Адзін з галоўных прынцыпаў Канвенцыі палягае ў тым, што людзі з інваліднасцю павінны быць абаронены ад любой з форм дыскрымінацыі як з боку дзяржаўных, так і прыватных структур.

Па словах Юрыя Ляшэнкі, ён з аднадумцамі працягне рабіць усё магчымае для таго, каб праграма па безбар'ерным асяродку была рэалізаваная на справе, а не на паперах.

«У горадзе яшчэ застаецца шмат праблем — высокія бардзюры, да некаторых прыпынкаў, такіх, як «Лёгкаатлетычны манеж» немагчыма дабрацца на вазку, працягваюць запускаць у эксплуатацыю аб'екты гандлю, дзе не працуюць ліфты, і яшчэ шэраг не вырашаных пакуль пытанняў», — дадаў грамадскі актывіст.

spring96.org