Суддзя Іван Майсейчык зацягвае абскарджванне сваёй пастановы па Курапатах

Прадстаўнікі грамадскасці лічаць, што суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык зацягвае абскарджванне сваёй пастановы наконт Курапатаў. Гэткае меркаванне было выказана 26 лютага ў Мінску на чарговым пасяджэнні ініцыятывы.



kurapaty_hp_skarha_mhs_25_2_16_logo.jpg

Нагадаем, што 23 студзеня ў Мінскі гарадскі суд праз суд Цэнтральнага раёна было абскарджана вызначэнне Івана Майсейчыка, які перашкаджае адкрыць імёны расстраляных у Курапатах.

Сярод заяўнікаў прыватнай скаргі ў Мінгарсуд — сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

У скарзе, між іншым, зазначаецца, што 6 студзеня 2016 года Іван Майсейчык сваім вызначэннем адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу па скарзе заяўнікаў на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмовілася паведаміць грамадзянам выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997—1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.   

Паколькі запытаныя дадзеныя пра ахвяр масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў належаць да гістарычна-культурных, духоўных і нацыянальных каштоўнасцей народу Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці, заяўнікі лічаць названае вызначэнне суддзі Івана Майсейчыка незаконным, неабгрунтаваным, надуманым і просяць Мінгарсуд скасаваць гэтае вызначэнне.

Аднак днямі сябрам ініцыятывы стала вядома, што да гэтай пары Іван Майсейчык так і не накіраваў у Мінскі гарадскі суд нашу прыватную скаргу на вызначэнне суддзі Цэнтральнага раёну, што паступіла ў гэтую дзяржаўную ўстанову 25 студзеня. На меркаванне сяброў ініцыятывы, сваімі дзеяннямі Іван Майсейчык зацягвае разгляд нашай прыватнай скаргі ў Мінгарсудзе.

Трэба мець на ўвазе, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 года пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяр, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.

Больш за 14 гадоў таму, 14 снежня 2001 года, Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяр сталінізму.