Суд вынес прысуд абвінавачаным у збіцці Сяргея Чалага

Абвінавачаныя ў збіцці эканамічнага аналітыка Сяргея Чалага і яго таварыша Анатоля Сакалоўскага атрымалі 3 гады калоніі і 3 гады "хіміі". У панядзелак, 13 жніўня, суд Цэнтральнага раёна Мінска паставіў кропку ў гэтай справе.

Аляксандр Рублёў і Кірыл Доўнар ў судзе. Фота: Радыё "Свабода"

Аляксандр Рублёў і Кірыл Доўнар ў судзе. Фота: Радыё "Свабода"

За збіццё журналіста Сяргея Чалага і яго сябра 29-гадовы ўраджэнец Салігорску Аляксандар Рублёў атрымаў тры гады пазбаўлення волі, а 33-гадовы жыхар Мінска Кірыл Доўнар — тры гады абмежавання волі з адбываннем пакарання ва ўстанове адкрытага тыпу. Рублёва ўзялі пад варту наўпрост у зале суда.

Таксама суд пастанавіў, што абвінавачаныя павінны выплаціць Сяргею Чаламу 1000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і судовых выдаткаў, Анатолю Сакалоўскаму — 250 рублёў. Дарэчы, журналіст ацаніў свае пакуты ў 5000 рублёў і прасіў суд не караць крыўднікаў пазбаўленнем волі, а толькі задаволіць грамадзянскія пазовы.

Падчас расследавання інцыдэнту міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў збіццё Сяргея Чалага, які пацярпеў, паводле яго слоў, у выніку «банальнай п'янай бойкі». Пасля збіцця той трапіў у бальніцу з пераломам носа і чэрапна-мазгавой траўмай.

Паводле telegraf.by