Суд Маскоўскага раёна Брэста задаволіў позву кампаніі IPOWER
Суд Маскоўскага раёна Брэту задаволіў позвы кампаніі «IPOWER» аб спагнанні з Дзям’яна Лепясевіча, Дзмітрыя Бекалюка, Алены Макарэвіч і грамадскага аб’яднання «Экадом» грошай.
Выдаткі датычыліся паслуг адвакатаў, якімі скарысталася кампанія, падчас разгляду позвы ініцыятыўнай групы грамадзян адносна спынення будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Брэстам супраць "IPOWER". Тады, суд стаў на бок забудоўшчыкаў.
Каментуе Дзям’ян Лепясевіч:
— Вядома, вынік чаканы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў “IPOWER” з усімі сяброўскія адносіны. Мы ж не на базары: скінуў, накінуў, прыбраў — не прыбраў. Проста так суддзя вырашыў — і ўсё: ніякіх доказаў не прыведзена, прынамсі, я ў іх не разабраўся. Са столі лічбы ўзялі, а ты іх маеш аплаціць.
Першапачаткова кампанія "IPOWER" хацела спагнаць больш за 1200 даляраў у эквіваленце, але суддзя Аляксей Карагода вынес рашэнне аб сплаце кожным з чатырох адказчыкаў па 315 беларускіх рублёў. Гэта ў суме амаль на палову меней заяўленай у пазове.
“Мяркуем, што падобныя позвы з боку “IPOWER” скіраваны на тое, каб выцягнуць грошы з актывістаў, каб пасля ў іх адбіць ахвоту падаваць далейшыя позвы адносна заводу”, — мяркуюць тыя, хто прысутнічаў на судзе.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара