Студэнт віну прызнаў, але міліцыянты ўпэўненыя, што пацярпелі не ад яго

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Івана Дацышына. 21-гадовы хлопец — студэнт чацвёртага курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. Яго абвінавацілі паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 

Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў

Іван Дацышын. Фота: асабісты архіў бацькоў


Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Валеры Гадуноў.

Што кажа абвінавачаны?

Іван Дацышын цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што ў ноч з 11 на 12 жніўня сапраўды знаходзіўся на праспекце Дзяржынскага каля парка Паўлава. Яны з сябрамі ўбачылі, што каля скульптуры зубра стаяць людзі і вырашылі падысці да іх. Але яны не паспелі гэтага зрабіць: да прыпынку пад'ехаў аўтобус, адкуль пачалі выбягаць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі пачалі разбягацца.
Праз некаторы час Іван вярнуўся на гэтае месца: людзі, якія назіралі за затрыманнямі, кідалі каменне ў аўтобус і супрацоўнікаў. Хлопец таксама спрабаваў дапамагчы і прадухіліць затрыманні: калі аўтобус з людзьмі пачаў рухацца, ён узяў камень і кінуў у бок транспарту. Ён не бачыў, ці трапіў ён куды-небудзь, праз дрэнны зрок. Але Іван падкрэслівае, што ён кінуў толькі адзін камень, бо хацеў, каб міліцыя сышла і не затрымлівала людзей.

Што кажуць пацярпелыя?

У справе двое пацярпелых: Ілля Шалік і Уладзіслаў Дубкоў.
Яны распавялі, што ў той вечар яны ездзілі па горадзе і спыняліся ў кропках масавага скопішча людзей. Каля парка Паўлава большасць людзей збегла, астатнія «паказвалі непрыстойныя жэсты». Адзін чалавек з натоўпу быў настроены агрэсіўна, трымаў у руцэ нейкі прадмет. З ім ён са спіны падышоў да супрацоўнікаў. Шалік падышоў да яго, каб ён не нападаў на яго калег, затым адчуў удар злева па падбароддзі. Убачыўшы гэта, калегі прыйшлі на дапамогу, пачалі затрымліваць людзей. У гэты момант у супрацоўнікаў паляцела каменне, яны сышлі ў аўтобус. У выніку інцыдэнта ў Шаліка дыягнаставаны пералом зуба верхняй сківіцы, у Дубкова — пералом пальца: ён таксама не бачыў, хто кідаў каменне, якое, меркавана, і трапіла яму ў нагу.
Хлопец, якога спрабавалі затрымаць, быў высокі і моцны, не падобны да абвінавачанага. Іван Дацышын не быў затрыманы, шкло ў аўтобусе было выбіта пасля таго, як зачыніліся дзверы. Гэта пацвердзілі абодва пацярпелыя.
Абодва пацярпелыя не маюць прэтэнзій да абвінавачанага, выбачэнні прымаюць.
Пазоў прад'явіў і «Мінсктранс»: шкоду ў 340 рублёў і 84 капейкі за разбіты аўтобус ужо выплацілі.
Разгляд справы працягнецца 17 сакавіка ў 10:30.
spring96.org