Статкевіча зноў пакаралі арыштам
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры Мінску 8 верасня супраць беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017».
Такое рашэнне прыняў 26 верасня суд Ленінскага раёну Мінску.
Як паведаміў БелаПАН паплечнік Мікалая Статкевіча паэт Уладзімер Някляеў, які знаходзіўся на пасяджэнні суду, Статкевіча на працэс не прывезлі.
Па словах Някляева, суд доўжыўся менш за паўгадзіны. Суддзя адзначыў, што абвінавачваны быў выкліканы ў суд позвай, але на разгляд справы не з’явіўся.
«Я ўстаў, спытаў, якім чынам ён можа прысутнічаць у судзе, паколькі усім вядома, што ён знаходзіцца ў ЦІП? Таксама я сказаў, што суд мог бы запатрабаваць прысутнасці Статкевіча, аднак суддзя належным чынам не адрэагаваў на гэта», — сказаў Някляеў БелаПАН.
Мікалай Статкевіч цяпер адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна за ўдзел у вулічнай акцыі ў Мінску 3 ліпеня.
Акцыя 8 верасня праводзілася на знак пратэсту супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017» і была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы, які апазіцыя адзначае 8 верасня, у гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай. У дзень акцыі ніхто затрыманы ня быў, аднак пазней за ўдзел у акцыі былі асуджаныя палітык Уладзімер Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў адбыў 7 сутак арышту на Акрэсціна, адкуль выйшаў 22 верасня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў.