Спорт па нядзелях. Калядны турнір адмянілі, бізнесовец Зайцаў сыходзіць з футбола?

Калі ў нядзелю вы не прачнуліся, а ўваскрэслі, значыць, субота ўдалася. Такім вось барадатым анекдотам папярэдзім традыцыйны агляд спартыўных падзей сыходзячага тыдня.

Аляксандр Зайцаў з залатым медалём брэсцкага «Дынама». Фота pressball.by

Аляксандр Зайцаў з залатым медалём брэсцкага «Дынама». Фота pressball.by

Скандал у футболе. Уладальнік «Руха» выйшаў з выканкама БФФ

Чэмпіянат краіны хутка скончыцца, і інтрыг у ім засталося няшмат. Што чэмпіёнам зноў стане салігорскі «Шахцёр», сумневаў амаль няма. Што барысаўскі БАТЭ не выпадзе з прызавой тройкі — таксама без пяці хвілін факт. Дый мінскае «Дынама» будзе з медалямі — да таго ідзе ўсё і нават больш за тое.

Уласна, менавіта такое трыа прызёраў «НЧ» прагназаваў яшчэ напярэдадні старта сезона, і ў гэтым месцы самы час пабурчэць, маўляў, нявызначанасці ў Беларусі няма нават у спорце.

Аднак жа жарсці напрыканцы чэмпіянату ўспыхваюць. Бо з аднаго боку, гэта закон жанру, а з іншага — ёсць некаторыя далікатныя падставы.

Колькі дзён таму Беларускі фонд спартыўная салідарнасці апублікаваў нашумелую справаздачу аб парушэннях статутаў ФІФА і УЕФА, якія нібыта дазваляе сабе Беларуская федэрацыя футбола. У той частцы, якая датычылася судзейства, быў зроблены тоўсты намёк на тонкія абставіны — што арбітры ненавязліва дапамагаюць асобным камандам перамагаць.

У ліку тых каманд апынулася мінскае «Дынама» — дзяржаўніцкі праект пасля яго экспрапрыяцыі ў апальнага бізнесоўца Юрыя Чыжа. Пазл грамадская думка тут склала хутка: маўляў, раз да клуба неабыякава ставіцца высокае кіраўніцтва (нават Аляксандр Лукашэнка неяк даў «бела-блакітным» наказ выйграць медалі), то і Феміда паслухмяна паддзьмуе ў дынамаўскія ветразі.

Вось на такім канспіралагічным тле 17 кастрычніка ў Брэсце і адбыўся матч брэсцкага «Руху» з тым самым «Дынама». Матч — які меў надзвычайнае значэнне менавіта ў кантэксце змагання за месцы на п’едэстале. Бо «рухаўцы» рваліся ў «прызы», і вочная сустрэча з прамым канкурэнтам магла адкрыць ім ружовыя перспектывы.

Але перспектывы хутчэй закрыліся. Дынамаўцы перамаглі з лікам 3:1. І адкінулі пераследнікаў на бяспечную адлегласць.

Гісторыя, аднак, на тым не скончылася. Таму што надта шмат дроў наламаў падчас гульні Сяргей Краснікаў. Ужо ў першым тайме ён пакінуў берасцейцаў у меншасці — пры неадназначных абставінах быў выдалены абаронца Аляксей Вакуліч. А далей спрэчкі ўзніклі наконт трэцяга гола мінчукоў і эпізода, пасля якога гульцы «Руху» патрабавалі прызначыць пенальці ў вароты «Дынама». Арбітр застаўся няўмольны — хіба што ад шырокай душы нараздаваў гаспадарам поля жоўтых картак.

Фота ФК «Рух»

Фота ФК «Рух»

Ва ўжытку спартыўных журналістаў ёсць тэрмін «скандальны матч» — і паядынак у Брэсце пад гэтае азначэнне патрапіў ідэальна. Тым больш што на наступны дзень слова ўзяў уладальнік «Руху» — сістэмны бізнесовец Аляксандр Зайцаў.

На сайце брэсцкага клуба выйшаў адмысловы зварот прадпрымальніка, у якім той спачатку заўважыў, што ўчорашні матч стаў «яркім прыкладам залежнасці судзейскага корпуса ад рашэнняў кіраўніцтва федэрацыі», потым падкрэсліў, што «месцы ў чэмпіянаце вызначаюцца далёка не па спартыўным прынцыпе», і нарэшце абвясціў «аб сваім добраахвотным выхадзе са складу ўдзельнікаў выканаўчага камітэта БФФ».

Сам па сабе выхад чалавека — хай нават уплывовай фігуры — з выканкаму БФФ сенсацыяй не з’яўляецца. Раней такое ўжо здаралася — грукнуўшы кулаком аб стол, складалі грамадскія паўнамоцтвы і той жа «дынамавец» Чыж, і гаспадар БАТЭ Анатоль Капскі.

І ўсё ж выпадак з Зайцавым — іншага кшталту. Яшчэ колькі месяцаў таму хадзілі чуткі, што бізнесовец можа страціць цікаўнасць да футболу — і скамандаваць сваім актывам «гейм овер». Наўпрост: выйсці з гульні і прыпыніць фінансаванне «Руху». Санкцыі, пад якія патрапіў беларускі «алігарх», такое жаданне ў прынцыпе могуць толькі павялічыць. А персанальная крыўда да федэрацыі — тым больш.

Ды, уласна кажучы, першая ластаўка ў інфармацыйную прастору ўжо паляцела. Партал football.by паведаміў, што на наступны сезон «Рух» можа не заявіцца. Калі так, то адбудзецца чарговае «мінус адзін» у беларускім клубным футболе.

Адмена ў хакеі. Каляднага турніру зноў не будзе

Як і год таму, Беларусь не будзе ўдзельнічаць у «Еўрабачанні». Як і год таму, Калядны хакейны турнір на прызы Аляксандра Лукашэнкі таксама не адбудзецца. Як і год таму, рашэнне аб адмене патлумачылі пандэміяй.

Даслоўна сёлетняя «матывацыйная частка» гучыць так: «Зыходзячы з абмежаванняў на перамяшчэнні, узросту ўдзельнікаў турніру і дзеючых рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па зніжэнні рызык распаўсюджвання вірусных інфекцый».

Гэтыя студзеньскія аматарскія гульні — традыцыя, якой шмат гадоў. Кожны раз пад праваслаўнае Раство ў Мінск прыязджалі сталыя ветэраны з розных краін, каб пакоўзацца па лёдзе, узгадаць маладосць і атрымаць асалоду. Гаспадары — каманда Лукашэнкі — наадварот, ставіліся да спаборніцтваў амбітна, збіралі моцны склад, куды ўключалі і дзеючых гульцоў, і за рэдкім выключэннем упэўнена перамагалі.

Карцінку дзеля такога выпадку рабілі яскравую. Адміністрацыйнымі высілкамі і цэнтралізаванымі намаганнямі арганізатары напаўнялі трыбуны да суцэльных аншлагаў. Дзяржаўныя медыі актыўна і ўзнёсла асвятлялі баталіі. На дзяржаўным ТБ у прайм-тайм турнір называлі аматарскім чэмпіянатам свету. Калі так, то гэта адзіны хакейны ЧС, дзе беларускія хакеісты сапраўды дамінавалі і, як сказалі б раней, паказвалі перавагі айчыннай сістэмы над усімі замежнымі.

Але ж вось: другі год запар чэмпіянату не будзе. Не дзіўна для сучасных беларускіх рэалій — і каронавірус, вядома, толькі частка іх. Дзіўна хіба тое, што аб адмене хакейных «калядаў» абвесцілі так рана — ажно за два з паловай месяцы да старта. Няўжо няма надзей, што да навагодніх святаў чацвёртая хваля сыдзе?

Цішыня на трыбунах. Заўзятараў затрымалі, бо не ўсталі пад гімн

222_10.jpg

Фота ХК «Нёман»

Мінулымі днямі па старонках СМІ гучна пракаціўся цікавы кейс з хакейнага Гродна. Там адбыўся шараговы матч паміж мясцовым «Нёманам» і немясцовым «Гомелем». Матч як матч — на яго б не звярнулі ўвагі, бо глядач на экстралігу ходзіць слаба, і ўвогуле турнір местачковы і ўзровень яго пасрэдны.

Аднак гэтым разам гульня патрапіла ў мэйнстрым. Прычынай таму — лёс двух заўзятараў, якія вырашылі адседзецца падчас гучання на лядовай арэне дзяржаўнага гімна. Адседзецца не атрымалася — абодвух, 37 і 39-гадовага, затрымалі. І саставілі пратаколы «за парушэнне патрабаванняў да выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь».

Адпаведны артыкул у адміністрацыйным кодэксе сапраўды ёсць («Незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь»), у якасці пакарання там прадугледжаны штраф у памеры «да 5 базавых велічынь». Аднак калі вас гэта здзіўляе, то вось спасылка на тое, што ў горадзе над Бугам гэты выпадак — не першы.

Кантраст у іншым. Раней шэрагі гледачоў на прадмет павагі да дзяржаўнай сімволікі так пільна не маніторылі. І тыя ж журналісты часта на гімн ніяк не рэагавалі — працягвалі працаваць у сядзячым становішчы, уткнуўшыся ў ноутбукі. Цяпер, напэўна, так ужо няможна — альбо можна толькі за дадатковую плату ў пяць базавых велічынь. То лепей, канечне, устаць. Яшчэ лепей — спяваць, а тое ці мала што.