Смяротнае пакаранне без істэрыкі
Зазвычай, дыскусіі наконт захавання альбо скасавання смяротнага пакарання праходзяць на ўзвышаных танах. Але, падаецца, зараз гэтую праблему паспрабуюць абмеркаваць калі не без эмоцый, дык абстрагаваўшыся ад іх.
Эмацыйнасць пытання зразумелая: тэма чалавечага жыцця, каму жыць, а каму паміраць, сама па сабе эмацыйная. Але менавіта з-за эмацыйнасці захоўваецца парадокс: нашыя людзі, абмяркоўваючы праблему смяротнага пакарання, слаба ўяўляюць, аб чым ідзе гаворка. Напрыклад, як паказала сацыялагічнае апытанне групы маркетынгавых даследаванняў Satio, 10% апытаных упэўненыя, што смяротнае пакаранне ў Беларусі даўно адмененае, і шмат хто думае, што смяротныя прысуды ў нас не выносяцца, а калі выносяцца, то не прыводзяцца ў выкананне. Канешне, пасля гучнага прысуду «тэрарыстам» Канавалаву і Кавалёву шмат хто пра сітуацыю з карай смерцю даведаўся, але тым не менш — абазнанасць грамадства ў гэтай праблеме ўсё роўна слабая.
Таму на гэтым тыдні ў Мінску пройдзе шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў на тэму смяротнага пакарання ў Беларусі пад назвай «Правасуддзе і людзі». Цягам тыдня жадаючыя здолеюць даведацца больш пра існаванне такой праблемы ў грамадстве, а таксама спакойна яе абмеркаваць на шэрагу «круглых сталоў» і лекцыйных мерапрыемствах. Для шырокай публікі адбудуцца кінапаказы фільмаў, звязаных з праблемай.
Адукаваць насельніцтва збіраюцца Мікалай Матрунчык, Юлія Ляшкевіч і Сяргей Шымавалос (злева направа)
Прадстаўнік міжнароднай арганізацыі «Міжнародная турэмная рэформа» Сяргей Шымавалос, прэзентуючы пачатак тыдня, адзначыў, што на ягоную думку, задача адмены смяротнага пакарання — гэта не агітацыя, а адукацыя. «Мы імкнёмся падтрымліваць больш удумлівае стаўленне да адмены смяротнага пакарання, бо гэта для нас — частка рэформы сістэмы крымінальнага пакарання ў цэлым», — заявіў ён.
Мы палічылі неабходным зрабіць менавіта такую частку гэтай асветніцкай кампаніі, таму што маркетынгавыя даследаванні паказалі — інфармацыі скрайне мала. Значная частка беларусаў — як мінімум чвэрць, — проста няправільна ўяўляюць сабе сітуацыю з гэтым відам пакарання ў краіне. Да таго ж, праблема смяротнага пакарання шчыльна перасякаецца з іншымі пытаннямі — як зрабіць правасуддзе ў Беларусі больш эфектыўным і якасным, і нават што рабіць з тымі, хто асуджаны да пажыццёвага зняволення», — адзначыў Шымавалос.
Таксама да арганізацыі гэтага тыдня далучылася і «Міжканфесіянальная хрысціянская місія». Паводле кіраўніка гэтай арганізацыі Мікалая Матрунчыка, нават сярод святароў смяротнае пакаранне і стаўленне да яго ёсць праблемай.
Мікалай Матрунчык: з смяротным пакараннем у цэрквах таксама ўсё не вельмі нармальна
Па словах Матрунчыка, у цэрквах вельмі дзіўнае стаўленне да сітуацыі са смяротным пакараннем. Здавалася б, што запавет «Не забі» павінен аднолькава трактаваны ўсімі канфесіямі. «Калі мы пачалі гэта аналізаваць, то высветлілася, што святары амаль нічым не адрозніваюцца ад грамадства. Ёсць людзі, якія кажуць, што па сумленні смяротнае пакаранне непрымальнае, а ёсць святары, якія, таксама спасылаючыся на Святое пісанне, кажуць, што царква не мусіць умешвацца ў тыя парадкі, якія ўсталяваныя ў дзяржаве», — адзначыў Матрунчык. Сапраўды, калі ў нас нават святары такія, то што казаць пра паству?
У прыклад ён прывёў выдадзены нядаўна зборнік пропаведзяў па каштоўнасці жыцця і тэме смяротнага пакарання. «Мы звярнуліся да прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій, каб яны падрыхтавалі свае пропаведзі, якія маглі б скарыстаць іншыя служкі царквы ў сваіх прамовах і пасланнях да прыхаджан. Канешне, амаль усе з энтузіязмам паставіліся да такой працы. Але, калі яны пачалі «паглыбляцца ў тэму», у развагі, калі сталі пісаць пропаведзі і больш глыбока асэнсоўваць гэтую праблему, то высветлілася, што гэта цяжкая праца. Некаторыя з іх прасілі даць на напісанне пропаведзяў больш часу, а пару чалавек нават адмовілася ад супрацоўніцтва, бо тэма апынулася «непад’ёмнай», — адзначыў Матрунчык.
Акрамя такога зборніку пропаведзяў у межах гэтага ж асветніцкага праекту быў падрыхтаваны своеасаблівы адукацыйны курс для святароў пад назвай «Рэлігійныя, маральныя і прававыя аспекты смяротнага пакарання». «Калі мы праводзілі ў межах гэтага курсу заняткі ў Віцебскай духоўнай семінарыі, мы папярэдне анкетавалі маладых свяшчэннікаў: як яны ставяцца да смяротнага пакарання? Мы запытвалі іх прыватнае меркаванне. Высветлілася, што каля 70% будучых пастыраў насамрэч у той ці іншай ступені падтрымліваюць такі від пакарання. Пасля нашых курсаў сітуацыя змянілася: 80% святароў выказаліся супраць такога віду пакарання», — адзначыў Матрунчык.
Але што радуе, дык гэта тое, што ў гэтым пытанні царква здольная гнутка і хутка рэагаваць на выклікі. Паводле Матрунчыка, цэрквы не толькі глыбей задумаліся над праблемай смяротнага пакарання, але і нават пачалі дзейнічаць. І, можа быць, бліжэйшы часам у царкоўным календары з’явіцца адзін дзень, у які святары будуць размаўляць з паствай пра смяротнае пакаранне і адукаваць прыхаджанаў.
Прымушаць людзей падумаць пра тое, што такое смяротнае пакаранне, ніколі не запозна, лічыць рэкламіст Юлія Ляшкевіч. Увязваючыся ў арганізацыю гэтых дзён, яна адзначыла: канешне, прымаць рашэнне пра адмену смяротнага пакарання ці мараторый на яго будуць не грамадзяне, а палітыкі. Але, тым не менш, скінуць з вагаў меркаванне грамадскасці ў такім пытанні не атрымаецца. Але і праблема ўспрыняцця смяротнага пакарання ў грамадстве эмацыйная. А таму і кампаніі за адмену пакарання смерцю — таксама жорсткія, эмацыйныя, безапеляцыйныя.
Юлія Ляшкевіч і Сяргей Шымавалос раюць абстрагавацца ад эмоцыяў
Менавіта ад эмацыйнасці Ляшкевіч прапанавала абстрагавацца. Напрыклад, у межах кампаніі створаны і ўжо працуе сайт 24a.by (па нумары артыкула беларускай Канстытуцыі, які замацоўвае часовы характар смяротнага пакарання да ягонай адмены). На ім выкладзены па 12 аргументаў за смяротнае пакаранне, супраць яго, і за ўвядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. Ляшкевіч жадае, каб людзі спакойна і свядома, без істэрыкаў і залішніх эмоцыяў падумалі, ці патрэбны наогул Беларусі такі від пакарання.
На думку Ляшкевіч, грамадзяне павінны ўсвядоміць, што смяротная кара — не адзінае магчымае пакаранне для злачынцы. Што ёсць і іншыя віды пакарання, не звязаныя са смерцю, якія могуць быць не менш дзейснымі за смерць.
«Таму мы выбралі такую «спакойную» канцэпцыю гэтай кампаніі. І, кажучы пра смяротнае пакаранне, мы кажам, што хочам пазбавіцца ад яго — таму што мы людзі. І слоган кампаніі "Несмяротнае пакаранне — таму што мы людзі", абраны не дарма. Мне спадабалася ў гэтым сэнсе заява шведскага прэм’ер-міністра пасля таго, як Брэйвік расстраляў некалькі дзясяткаў чалавек. Тады была дыскусія, што ж з ім рабіць: смяротнага пакарання ў Швецыі няма. І прэм’ер тады сказаў, кшталту таго, што «мы не пойдзем па шляху Брэйвіка, і тое, што ён здзейсніў забойствы, не прымусіць нас здзейсніць забойства ў адказ», — сказала Ляшкевіч.
Некаторыя мерапрыемствы будуць адкрытыя для ўсіх жадаючых, некаторыя — з абмежаваным уваходам, а некаторыя ўвогуле пройдуць, але ў праграму мерапрыемстваў нават не патрапілі. Таму што, па словах Сяргея Шымавалоса, дзяржава таксама зацікаўленая ў абмеркаванні гэтай праблемы, і шэраг такіх мерапрыемстваў пройдзе ў дзяржаўных установах выключна для дзяржслужбоўцаў, адвакатаў і суддзяў. Тым не менш, тыя ж кінапаказы будуць праходзіць у адкрытым фармаце, і на іх можа папрысутнічаць любы, хто захоча.
Фота аўтара