СК узбудзіў крымінальную справу па факце арганізацыі і ўдзелу ў акцыі ў Мінску

Следчы камітэт (СК) Беларусі пасля ўчорашняй акцыі ў Менску ў падтрымку незарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты распачаў крымінальную справу ў дачыненні да арганізатараў і актыўных удзельнікаў.

54179302_403.jpg

«Па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі Мінска, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў унутраных спраў, упраўленнем СК распачата крымінальная справа па арт. 342 КК», — паведамілі ў Следчым камітэце ў сераду.
У паведамленні СК адзначаецца, што «ўсе размешчаныя ў Інтэрнэце відэаматэрыялы далучаныя да крымінальнай справы, у розных месцах горада (Менска) цяпер працуюць следча-аператыўныя групы».
«Асобы, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці, затрыманыя. Іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка», — гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамлялася, напярэдадні вечарам у Мінску ў падтрымку незарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты людзі выйшлі на цэнтральны праспект сталіцы — праспект Незалежнасці, збіраліся ў раёне плошчы Перамогі, раёне Нямігі ля Кафедральнага сабора. Таксама ў пікеты збіраліся жыхары спальных раёнаў — Грушаўкі, Новай Баравой. Акцыі не мелі канкрэтнага цэнтра збору, пры спробах міліцыі затрымаць удзельнікаў акцыі, апошнія разбягаліся.
Аўтамабілісты падтрымлівалі ўдзельнікаў акцыі сігналамі, з-за чаго міліцыя перакрыла шэраг вуліц. Акрамя таго, пасля 22:00 былі перакрытыя асобныя станцыі метро, а на асобных участках праспекта Незалежнасці адключанае асвятленне.
У Менску па стане на раніцу серады затрыманыя каля 200 чалавек на стыхійных акцыях у падтрымку прэтэндэнтаў у прэзідэнты, якіх Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатамі, паведаміў пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Акрамя таго, Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла пра затрыманне больш за 10 супрацоўнікаў СМІ, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі падчас асвятлення вулічных акцый пратэсту.
У аўторак Цэнтравыбаркам Беларусі адмовіўся зарэгістраваць экс-банкіра Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу кандыдатамі ў прэзідэнты.
Увечары ў аўторак МУС Беларусі распаўсюдзіла папярэджанне аб недапушчальнасці ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах і заклікала жыхароў Рэспублікі праявіць розум і мудрасць, рэагуючы на заклікі сабрацца на вуліцах гарадоў.
Выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца 9 жніўня.
Паводле interfax.by