Сёння ў Мінску зноў судзяць журналістаў «Белсата» — адразу чатырох

Фрылансераў-журналістаў Ганну Аземшу, Вольгу Чайчыц, Аляксандра Баразенку і Андрэя Козела вінавацяць у працы без акрэдытацыі на замежнае СМІ. Пачатак працэсаў у судзе Цэнтральнага раёна а 14:00.

index_3_1.png


Кожнаму з іх пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Калі журналістаў прызнаюць вінаватымі, лік вынесеных у гэтым годзе штрафаў журналістам дасягне пяцідзесяці (!).

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойвае на неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адказнасць па дадзеным артыкуле прадугледжана за незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ. Па беларускім заканадаўстве, выраб прадукцыі СМІ — кампетэнцыя выключна рэдакцыі, то бок юрыдычнай асобы, але не журналістаў.

Таксама 16 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”, удзел у якой прымуць прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў Еўропы.

Асноўнай тэмай размовы стане неабходнасць спыніць пераслед журналістаў у Беларусі.

Паводле Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"