Сёння падчас заняткаў загінуў салдат
Мінабароны паведаміла, што сёння, 4 красавіка, падчас заняткаў па баявой падрыхтоўцы загінуў вайсковец.
“4
красавіка ў ходзе планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы на агнявым гарадку
120 асобнай механізаванай брыгады вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы, якія
ўваходзілі ў экіпаж БМП, былі парушаныя меры бяспекі пры дзеяннях пры ўзбраенні
баявых машын. У выніку адзін з чальцоў экіпажу, старшы механік-кіроўца БМП
радавы Удод Дзмітрый Мікалаевіч атрымаў агнястрэльнае раненне, несумяшчальнае з
жыццём”, — паведамляе сайт Міністэрства абароны.
Следчы камітэт праводзіць па дадзеным факце следчыя дзеянні.
“Камісію па расследаванні абставінаў і прычын здарэння ад ваеннага ведамства ўзначальвае намеснік міністра абароны”, паведамляе Мінабароны і абяцае аказаць родным і блізкім Дзмітрыя ўсебаковую падтрымку і неабходную дапамогу.
Маці Дзмітрыя Наталлі Мікалаеўне паведаміў пра трагедыю ваенкам па тэлефоне, распавядае “Радыё Свабода”.
«Я нармальна не разабралася, снарад там разарваўся ці што, не ў курсе. Але ўжо ў жывых няма дакладна. Дзве гадзіны таму, тры ўжо», — кажа “Свабодзе” Наталля Мікалаеўна.
Сям’я жыве ў вёсцы Навінкі, Калінкавіцкага раёна. У Наталлі Мікалаеўны 6 дзяцей.
«Тры дочкі і тры сыночкі, — кажа Наталля Мікалаеўна. — Дзіма — гэта ў мяне трэці па ліку».
Па прафесіі Дзмітры тынкоўшчык-маляр. Год працаваў у калгасе ў будаўнічай брыгадзе. «У войска яго то бралі, то не бралі, але пасля ўжо забралі. Раней ён стаяў на ўліку як сардэчнік, але пасля яго знялі з уліку і ўзялі ў войска», — кажа маці.
У войску, кажа Наталля Мікалаеўна, Дзмітрыю падабалася, скаргаў не было.
«Падабалася, званіў, жартаваў, што хлопцы вясёлыя. І ў Печы ж мы ездзілі, і ва Уручча я ездзіла ў 120-ку, — кажа маці. — Усё нармальна, як паложана. Не скардзіўся ніколі ў жыцці».
Сёння, кажа Натальля Мікалаеўна, Дзмітры не пазваніў, але напісаў ёй у сацыяльных сетках.
«Напісаў: „Мне засталося 339 дзён“, — кажа маці. — Гэта значыць, да дома, да лістапада».
Паводле www.mil.by. www.svaboda.org