«Сёння не мы адны ў Віцебску прымалі нечаканых гасцей». Да Таццяны Севярынец прыйшлі з ператрусам
Сёння, 1 ліпеня, да маці Паўля Севярынца Таццяны Севярынец прыйшлі з ператрусам віцебскія сілавікі.
Пра гэта Таццяна Севярынец распавяла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Мае расповеды перарваў ператрус: 3 хлопцы і 2 панятыя. Забралі Пашавы кнігі "Люблю Беларусь", парасон мой знакаміты, сцяжкі бчб, што стаялі ў пакоях, нават вязаны... Я ім прапанавала шкарпэткі з бчб-палоскай. Праігнорылі... Сёння не мы адны ў Віцебску прымалі нечаканых гасцей».
Нагадаем, 13 студзеня Таццяну Севярынец раўзам з шасцю жанчынамі затрымалі ў лесе пад Віцебскам. Жанчыны выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе, але міліцыянты іх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі — нягледзячы на тое, што чацвёра затрыманых жанчын ужо ў сталым веку. А пасля накіравалі на ноч да суда ў ізалятар часовага ўтрымання. Пасля суд апраўдаў жанчын. Суддзя Вераніка Барысава спыніла справу — за недаказанасцю віны — і выбачылася перад жанчынамі. Зала тады сустрэла прысуд апладысментамі.