Таццяну Севярынец і Алену Каснову апраўдалі па справе аб скандзінаўскай хадзе. Суддзя нават выбачылася
Дзіўная справа па артыкуле 23.34 спынена за недаказанасцю.
Фота TUT.BY
Суд Першамайскага раёна Віцебска 19 студзеня разгледзеў
адміністрацыйную справу Таццяны Севярынец і Алены Касновай — дзвюх з шасцярых
жанчын, затрыманых 13 студзеня ў прыгарадным лесе падчас занятку скандынаўскай
хадой. Міліцыя вінаваціла іх у незаконным пікетаванні з БЧБ-сцягам. Суддзя
Вераніка Барысава спыніла справу — за недаказанасцю віны гараджанак — і
выбачылася перад імі. Зала сустрэў гэта апладысментамі, паведамляе TUT.BY.
Суд 19 студзеня павінен быў разгледзець яшчэ і справу ў дачыненні да 65-гадовай пенсіянеркі Тамары Ільіной. Аднак яна з 13 студзеня знаходзіцца ў шпіталі ў кардыялагічным аддзяленні — сюды яе шпіталізавалі з РАУС.
66-гадовую актывістку Таццяну Севярынец, маці палітвязня
Паўла Севярынца, і 41-гадовую жыхарку Віцебска Алену Коснаву міліцыя
абвінавачвала ў тым, што яны 13 студзеня «ў грамадскім месцы — у лесапаласе
паблізу дома № 23 на вуліцы радаснай у Віцебску» прынялі актыўны ўдзел у
несанкцыянаваным пікетаванні «з выкарыстаннем палотнішча бел-чырвона-белага
колеру».
Жанчыны не пагадзіліся з пратаколамі. Па словах Севярынец,
гэта «нахабная хлусня», Коснава лічыць гэта «агаворам».
Таццяна Севярынец патлумачыла, што раніцай 13 студзеня яна і
пяць сябровак сустрэліся ў Шпілеўскім лесе каля Віцебска для занятку
скандынаўскай хадой. Кампанія жанчын рабіла на сцежцы размінку перад
трэніроўкай, калі да іх пад'ехала незнаёмая машына.
— І раптам нечакана з усіх бакоў з лесу на нас, шэсць
жанчын, выбеглі 12 здаровых мужчын у чорным. Хто гэта, мы не ведалі. Дзве
жанчыны спужаліся, пабеглі. Іх вярнулі назад. Усіх затрымалі, сказалі, што
павязуць у міліцыю. Пры гэтым нам ніхто з мужчын не прадставіўся, не паказаў
пасведчання, — распавяла Таццяна Севярынец.
БЧБ-сцяг, па яе словах, яна ў руках не трымала. Але ў
заплечніку ў жанчыны сцяг сапраўды быў.
— Я проста хацела вынесці сцяг з дому. Трэба быць вар'ятам, каб пайсці ў лес са сцягам і нешта там крычаць. Проста абуральна, што чалавеку прыпісваюць тое, чаго ён не рабіў і нават у думках не меў.
Алена Коснава таксама кажа, што ні яна, ні яе сяброўкі не
трымалі БЧБ-сцягі.
— Мы займаліся спортам. Нават не казалі пра палітыку. У мяне
адзіная мэта — схуднець да вясны.
Па словах Коснавай, пры затрыманні адзін з мужчын сказаў: «У міліцыю паступіў сігнал, што вы псуеце ў лесе лаўкі».
— Пры гэтым ні адной лаўкі побач з намі не было.
Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Першамайскага РАУС
Аляксей Пагарэльскі, які затрымліваў 13 студзеня жанчын у лесе, паведаміў, што
ў міліцыю паступіла ананімная інфармацыя: у лесе каля воданапорнай станцыі
група людзей развешвае стужачкі.
— Мы агледзелі гэтае месца па перыметры, нічога не ўбачылі.
Затым пайшлі далей, заўважылі групу жанчын, чалавек 6 або 7. Яны проста ішлі па
лесе. І былі падобныя па прыкметах на тых, хто развешваў стужачкі. Адзін з
калегаў убачыў побач з жанчынамі, метрах у трох, скамечаны БЧБ-сцяг. Мы ім
прадставіліся, затрымалі і адвезлі ў райаддзел.
Пагарэльскі, па яго словах, не бачыў, каб хто-небудзь з
жанчын трымаў або размахваў сцягам. Адкуль у лесе узяўся «скамечаны сцяг»,
міліцыянту невядома.
Таксама Пагарэльскі паведаміў, што па ананімным званку
шукаць у лесе людзей, якія развешваюць стужачкі, паехалі некалькі
супрацоўнікаў, уключаючы начальніка аддзела крымінальнага вышуку.
Пратакол на Таццяну Севярынец склаў намеснік начальніка
аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Першамайскага РАУС маёр Вадзім
Скліменак.
— Нам паступіла інфармацыя, што шэсць жанчын спрабуюць
развешваць у лесе стужачкі і размахваюць БЧБ-сцягам. Туды адправілі вольных
супрацоўнікаў. Жанчыны пры затрыманні спрабавалі бегчы, але былі затрыманыя.
Палкі для скандынаўскай хады былі толькі ў Севярынец. Яна мне патлумачыла, што
хацела правесці для сваіх знаёмых майстар-клас па гэтай хадзе. Пры Севярынец
выявілі два БЧБ-сцягі. Яшчэ адзін сцяг знайшлі ў лесе. Але як ён там апынуўся,
хто яго скінуў, не ўстаноўлена, — паведаміў суду Скліменак.
Суддзя пацікавілася, чаму ў пратаколе з'явілася інфармацыя
аб тым, што Севярынец правяла пікет «з выкарыстаннем палотнішча
бел-чырвона-белага колеру».
— Чатыры жанчыны з гэтай кампаніі раней прыцягваліся да
адміністрацыйнай адказнасці. Я верыў людзям, якія патэлефанавалі ў міліцыю і
паведамілі, што ў лесе праводзіцца несанкцыянаванае мерапрыемства. У мяне не
было падставаў ім не давяраць. Пазней я даведаўся, што гэтыя людзі не пакінулі
сваіх асабістых дадзеных.
— Чаму вы паверылі ананімшчыку, а не паверылі мне,
настаўніку вышэйшай катэгорыі, маці траіх дзяцей, бабулі семярых унукаў,
чалавеку, які адказвае за свае словы і ўчынкі? — спытала Севярынец у Скліменка.
Суддзя зняла гэтае пытанне — і крыху пазней спыніла
адміністрацыйную справу за недаказанасцю віны Севярынец і Коснавой. Вераніка
Барысава прынесла жанчынам афіцыйныя прабачэнні. Пасля гэтага ў зале пачуліся
апладысменты.
Нагадаем, раніцай 13 студзеня ў прыгарадным лесе сабралася
кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч,
Алена Коснава, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці
для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Аднак іх затрымалі 12 супрацоўнікаў
міліцыі.
Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі
пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным
пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».
Таццяну Севярынец хацелі судзіць увечары 13 студзеня, але
працоўны дзень ужо скончыўся, і яе адпусцілі дадому. Пенсіянерку Тамару Ільіну
з РАУС на хуткай адвезлі ў бальніцу. Астатніх жанчын даставілі ў ІЧУ — да судоў
14 студзеня. У выніку працэсы перанеслі: у Севярынец, Коснавай і Ільіной — на
19 студзеня, для Кухто, Камінскай і Валадкевіч — на 20 студзеня.