Сёння – Дзень пчолаў. Яго адзначаюць упершыню ў гісторыі
Ініцыятыву абвесціць 20 траўня Сусветным днём пчолаў выказала Славенія, каб прыцягнуць увагу да праблемы знікнення пчолаў.
20 траўня 1734 года нарадзіўся Антон Янша, славенскі гравёр, які кінуў мастацкую кар’еру, каб заняцца пчоламі. Ён стаўся адным з першых тэарэтыкаў пчалярства і ягоным наватарам. Напісаў аб пчолах некалькі грунтоўных кніг.
У снежні 2017-га Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ухваліла гэтую прапанову.
«Мэта свята – прыцягнуць увагу да вялізарнае ролі, якую граюць пчолы ў апыленні раслінаў і атрыманні мёду», – падае афіцыйная старонка ААН.
Людзі разводзяць толькі некалькі відаў пчол, але ўсё іх налічваецца каля 20 тысячаў.
39 з 57 асноўных сельскагаспадарчых культур апыляюцца пчоламі. За апошнія сто гадоў колькасць пчолаў у свеце павялічылася на 50 %, але раслінаў, якія маюць у іх патрэбу, стала ў чатыры разы болей, піша БЕЛТА.
У апошнія гады, аднак, вучоныя назіраюць скарачэнне папуляцыі дзясяткаў розных гатунках пчолаў.
Прычынаў гібелі некалькі, адная з асноўных – рэчывы для барацьбы са шкоднікамі раслін. Патрапіўшы ў арганізм насякомага, яны перагружаюць яго нервовую сістэму, прыводзяць да паралічу і смерць.
Распаўсюджаны ў сучаснай сельскай гаспадарцы спосаб, калі вялікія плошчы засаджваюць адной культурай, таксама не на карысць пчолам. Расліны аднаго гатунку квітнеюць адначасова – і пазней у пчолаў знікае ежа.
Паводле belsat.eu