Сёння — чарговая гадавіна чарнобыльскай катастрофы

Праз 29 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, на забруджаных тэрыторыях Беларусі працягваюць жыць людзі. Паводле звестак Белстата, гэта больш як 12% насельніцтва краіны.



dozimetr_aes_245.jpg

Як вядома, у выніку аварыі на ЧАЭС Беларусь больш за іншых была забруджаная — на яе тэрыторыю выпала больш за 70% усіх радыенуклідаў. Рэспубліка была абвешчаная зонай экалагічнага бедства. 
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, на пачатак 2015 года ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзілася 28 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, а таксама 2.355 сельскіх населеных пунктаў (10,2% населеных пунктаў краіны). Колькасць насельніцтва, якое жыве на забруджанай тэрыторыі, на пачатак гэтага года склала 1 млн. 142,6 тыс. чалавек (12,1% насельніцтва краіны). Прыкладна 215 тыс. з іх — дзеці, больш за 600 з якіх прызнаныя інвалідамі. 
Як паведаміла на прэс-канферэнцыі 24 красавіка ў Мінску начальнік аддзела сацыяльнай абароны і прававой працы дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС Наталля Кахноўская, часцей за ўсё інваліднасць дзяцей звязаная з ракам шчытападобнай залозы. Дзяржава, паводле слоў чыноўніцы, "укладвае дастаткова вялікія сродкі ў тое, каб тыя людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, не адчувалі сябе закладнікамі" сітуацыі. Так, паведаміла Кахноўская, 52% сродкаў, прадугледжаных дзяржпраграмай па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, ідзе менавіта на сацыяльную абарону пацярпелых грамадзян. 
На той жа прэс-канферэнцыі намеснік начальніка названага дэпартамента МНС Мікалай Цыбулька заявіў, што міністэрства чакае ад вучоных прапаноў па выкарыстанні адселеных тэрыторый. "Вось-вось споўніцца 30 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы, і мы б хацелі, каб навука нам дапамагла і распрацавала нейкія канцэптуальныя падыходы па кіраванні тэрыторыямі адсялення", — сказаў ён. Паводле слоў прадстаўніка МНС, міжнародныя кампаніі ўжо прапаноўвалі вырошчваць на гэтых тэрыторыях тэхнічныя культуры для атрымання біягазу, біяпаліва. Можна таксама прапанаваць стварэнне заказніка, дадаў чыноўнік. У аддаленай перспектыве, паводле яго слоў, на адселеных тэрыторыях магчымае рассяленне людзей, але для гэтага трэба будзе занава ствараць усю неабходную для жыцця інфраструктуру. 


Аднак многія вучоныя і эколагі перакананыя, што асвойваць чарнобыльскія землі, жыць там і весці сельскую гаспадарку нельга з-за шкоднага ўздзеяння радыяцыі на здароўе людзей.


Праблему негатыўнага ўздзеяння малых доз радыяцыі на жывы арганізм у свой час уздымаў доктар медыцынскіх навук прафесар Юрый Бандажэўскі. У 1999 годзе ён быў зняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага медінстытута, арыштаваны паводле падазрэння ў атрыманні хабару і правёў за кратамі шэсць гадоў. На думку праваабаронцаў, сапраўднай прычынай арышту Бандажэўскага стала яго нязгода з палітыкай уладаў па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. 
Непажаданыя ўладам даследаванні праводзіў і член-карэспандэнт НАНБ Іван Нікітчанка, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 года. Група спецыялістаў пад яго кіраўніцтвам распрацавала новую канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Сутнасць яе зводзілася да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізма ў любой колькасці. Вучоныя прапаноўвалі адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах як небяспечных для здароўя людзей, аднак улады не сталі прыслухоўвацца да іх довадаў. 
З нагоды 29-й гадавіны аварыі на ЧАЭС сёння ў Мінску пройдзе традыцыйны "Чарнобыльскі шлях", дазволены сталічнымі ўладамі. Збор удзельнікаў акцыі абвешчаны каля кінатэатра "Кастрычнік" з 14.00 да 14.30. Затым адбудзецца шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых", размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў. Мітынг сёлета вырашылі не праводзіць. "Чарнобыльскі шлях — 2015" пройдзе пад лозунгам "Не — расійскай ядзернай пагрозе". Паводле яго вынікаў плануецца прыняць рэзалюцыю. 
Як паведаміў журналістам адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, рэзалюцыя будзе прысвечаная наступствам чарнобыльскай катастрофы, ацэнцы дзеянняў беларускіх уладаў па іх ліквідацыі, "ваеннай пагрозе з боку Расіі і пагрозе размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі на тых ударных самалётах, якія плануецца размясціць на нашай тэрыторыі", а таксама ацэнцы "сутнасці расійскага рэжыму і палітычнага рэжыму Беларусі". 
Арганізатары шэсця заклікалі ўдзельнікаў акцыі прыносіць кветкі і лампадкі да размешчаных каля царквы памятных знакаў у гонар ахвяр і ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС.
БелаПАН