Сёлета ў Нямеччыну праз Беларусь патрапілі амаль 11 тысяч мігрантаў
Колькасць мігрантаў, якім удалося прабрацца з краінаў Азіі і Афрыкі праз Беларусь у Нямеччыну, зноў вырасла, нягледзячы на ўзмоцненую ахову межаў ЕС.
Агульная лічба, згодна з паведамленнем нямецкай паліцыі,
складае ўжо 10918 чалавек. Большасць з іх — жыхары Іраку.
Са студзеня па ліпень у Нямеччыну трапілі 26 чалавек з
тэрыторыі Беларусі. У жніўні ўжо 474, у верасні 1903, у кастрычніку — 5285, у
лістападзе — 2849, з пачатку снежня — 381 мігрант.
Нямецка-польская мяжа з'яўляецца ўнутранай мяжой шэнгенскай
зоны, яе можна перайсці ў любы час і любым пункце. На фоне міграцыйнага
крызісу на польска-беларускай мяжы нямецкая паліцыя ўзмацніла жорсткасць
кантролю ў сваіх прымежных раёнах, але гэта не перашкодзіла некалькім тысячам
чалавек прыбыць у краіну.
Паводле «Свабоды».