Сям'я са Жлобіна, якая была вымушаная з'ехаць з краіны: у цябе было ўсё — і раптам ты павінен усё гэта кідаць і бегчы!

Прадпрымальнікі са Жлобіна Ілона і Валерый Ткачовы з'ехалі з Беларусі. Іх гісторыя падобная на сотні іншых — такіх жа беларусаў, якія хацелі змяніць Беларусь, а потым вымушаных з яе з'ехаць. У ёй шмат болю, адчаю, крыўды, а яшчэ надзеі на хуткае вяртанне дадому.

tkachevy2.jpg

Ткачовы былі актыўныя заўсёды, піша TUT.BY. Пачынаючы з 2010-га рэгістраваліся назіральнікамі на выбарах, як прэзідэнцкіх, так і парламенцкіх. Улетку 2020-га сталі каардынатарамі руху «Сумленныя людзі». І, кажуць, былі ўпэўненыя, што на гэты раз усё будзе інакш — не так, як у мінулыя выбарчыя кампаніі.

— Я думала, што вось цяпер усё рэальна можна змяніць. Таму што такой колькасці неабыякавых людзей, як летам гэтага года, я яшчэ не бачыла. У нас у Жлобіне вельмі многія цікавіліся гэтымі выбарамі і рэальна спрабавалі паўплываць на іх празрыстасць і сумленнасць. Такое было ўпершыню. Многія ішлі назіральнікамі на ўчасткі сем'ямі — цяпер сем'ямі і з'язджаюць, — уздыхае Ілона.

9 жніўня яна была назіральніцай на выбарчым участку № 20 горада Жлобіна. Яе муж зарэгістраваўся на іншым. Яго на падлік галасоў не пусцілі, а вось Ілоне ўдалося папрысутнічаць. Кажа, стаяла ля самога стала і запісвала ў нататнік лічбы: мяркуючы па пазнаках, на яе ўчастку 9 жніўня 599 чалавек прагаласавалі за Ціханоўскую і 184-за Лукашэнку.

Але пра гэта так ніхто і не даведаўся. Пратакол, па словах Ілоны, не вывесілі, а старшыню камісіі міліцыянты вывелі праз чорны ўваход і павезлі. Пасля гэтага датэлефанавацца да яго было немагчыма: трубку ён не здымаў. І такая карціна, кажа Ілона, была 9 жніўня амаль на ўсіх выбарчых участках у Жлобіне.

А потым у краіне, і Жлобіне ў прыватнасці, пачаліся мірныя акцыі пратэсту. Ткачовы ўбаку не засталіся —выходзілі на ўсе. І, вядома, адседзелі за гэта свае «суткі».

Але, як аказалася, адміністрацыйны арышт — не самае страшнае. Самае страшнае для сям'і пачалося потым.

У кастрычніку да Ткачовым прыехалі з ператрусам. Затрымалі — за тое, што яны нібыта распаўсюджвалі паклёп і ілжывую інфармацыю пра начальніка міліцыі ў адным з тэлеграм-каналаў. У мужа і жонкі канфіскавалі тэхніку, іх пратрымалі трое сутак у ІЧУ, але прад'явіць абвінавачванне не змаглі — і выпусцілі.

tkachevy1.jpg

Але праз некалькі дзён, успамінаюць Ткачовы, ім сталі тэлефанаваць кліенты — у Ілоны і Валерыя была крама канцтавараў і фірма па рамонце аргтэхнікі — і распавядаць, што да іх прыходзяць з міліцыі і адбіраюць дакументы, звязаныя менавіта з бізнесам Ткачовых.

— Стала ясна: пад нас капаюць. Відавочна, што такія справы могуць скончыцца не вельмі добра: ходзіш на допыты, ходзіш — а потым становішся абвінавачаным. Мы пасядзелі, падумалі і вырашылі, што гатовыя яшчэ адседзець, калі ўсё вось так, «суткі» за ўдзел у акцыях, але ў турму па надуманых крымінальных артыкулах пайсці не гатовыя. Звярнуліся ў фонды, апісалі сваю сітуацыю, там нам усё распавялі, патлумачылі, дапамаглі з дакументамі. За дзень мы сабралі рэчы і, нават не паведаміўшы родным, з'ехалі.

На беларуска-літоўскай мяжы Ткачовы правялі тры гадзіны. І гэта, успамінаюць муж і жонка, былі адны з самых доўгіх і трывожных гадзін у іх жыцці.

— Беларускія памежнікі нас не спяшаліся выпускаць: кудысьці тэлефанавалі, потым цікавіліся, ці ўдзельнічалі мы ў мітынгах, ці арыштоўвалі нас за гэта, потым сыходзілі, прыходзілі, зноў нешта пыталіся. Кожны раз, калі пад'язджала якая-небудзь машына, сэрца сыходзіла ў пяткі: думалі, што гэта за намі. Калі нас праз тры гадзіны ўсё ж такі выпусцілі, у мяне здарылася істэрыка, — і цяпер не можа стрымаць слёз Ілона. — Я рыдала і не магла спыніцца. Спачатку ад палягчэння: мы на волі, нас не затрымаюць, мы не сядзем ні за што. Потым — ад прыкрасці і здзіўлення. Табе 43 гады, у цябе было ўсё — і зараз раптам ты павінен усё гэта кідаць і бегчы! І гэта ўсё толькі з-за сваёй пазіцыі і нязгоды з тым, што адбываецца ў тваёй краіне. Хіба гэта нармальна?

tkachevy3.jpg

Ткачовы ў Вільні. Фонд салідарнасці BYSOL дапамог ім матэрыяльна, грамадская арганізацыя Dapamoga прадаставіла часовае бясплатнае жыллё. Ментарскую дапамогу сям'і аказаў і працягвае аказваць фонд дапамогі беларусам у Літве Razam. З ежай і адзеннем першы час дапамагаў фонд INeedHelpBy, а таксама беларусы, якія жывуць у Літве, ды і салідарныя літоўцы не засталіся ў баку.

— Каб разумець ступень падтрымкі, неабходна сказаць, што нам далі нават псіхатэрапеўта. Мы спачатку адмаўляліся, а потым і самім стала ясна, што без спецыяліста нам не справіцца. У Вільні мы сталі ўздрыгваць ад кожнага груку, ад любога шоргату каля дзвярэй. Фобію гэтую прывезлі з дому. Калі сядзелі ў Жлобіне на «сутках», ва ўнутраным дворыку РАУС у міліцыі былі нейкія трэніроўкі са шчытамі. Яны ўвесь час імі стукалі — і нам гэта было вельмі добра чуваць у камеры. Я потым уздрыгвала ад кожнага падобнага гуку. Цяпер ужо не ўздрыгваю, — распавядае Ілона.

Нядаўна Валерый знайшоў працу па спецыяльнасці — у адной з літоўскіх фірмаў яму прапанавалі пасаду сістэмнага адміністратара. Ілона па адмысловым для беларусаў кошце запісалася на курсы літоўскага ў Клайпедскім універсітэце.

Зараз Ткачовы здымаюць кватэру ўжо за свае грошы. Кошт арэнды жылля ў Вільні па беларускіх, а тым больш рэгіянальных жлобінскіх мерках немаленькая: каля 500 еўра ў месяц, але і заробак у іх, кажа Ілона, «будзе не жлобінскі». Пара ўпэўненая, што справіцца. Але прызнаецца: Вільня для іх — часовы варыянт.

— Тут ёсць праца і нам нічога не пагражае. Побач, у Польшчы, нашы сыны. Але мы не хочам дапускаць нават думкі, што застанемся тут назаўсёды і не вернемся на радзіму. Мы вельмі хочам дадому.