Уладзімір Ганчарык: у гэтым годзе мы ўбачым змену ўлады

Да вясны сітуацыя ў Беларусі абвострыцца, сказаў «Салідарнасці» былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і адзіны кандыдат ад апазіцыі на выбарах 2001 года.

Фота «Белсат»

Фота «Белсат»

Аб двух фактарах, якія стрымліваюць праяву пратэстных настрояў

— Думаю, пратэстныя настроі ў грамадстве не толькі захоўваюцца, але і ўзмацняюцца, — распавёў Уладзімір Ганчарык «Салідарнасці». — Але мы пакуль гэтага не бачым, бо яны з аднаго боку стрымліваюцца сілавымі метадамі ўлады, а з другога — сітуацыяй з кавідам.

Шмат людзей хварэе, насельніцтва заклапочана, перш за ўсё, гэтай праблемай. Практычна ўсе ў маім асяроддзі або перахварэлі, або хварэюць. Але, думаю, да вясны гэта пройдзе і палітычны крызіс у краіне абвострыцца.

Спроба захаваць статус-кво ў інтарэсах аднаго чалавека праз Усебеларускі народны сход нічога не дасць, палітычны крызіс гэта не дазволіць.

Аб настроях сярод чыноўнікаў

— Ведаю некаторых кіраўнікоў і чыноўнікаў, таму магу меркаваць пра настроі ў іх асяроддзі. Безумоўна, ёсць людзі, якія думаюць і жадаюць пераменаў.

Але шмат тых, хто будзе падтрымліваць Лукашэнку і далей. Большасць будзе выконваць каманды зверху, якімі б яны ні былі. Створаная цэнтралізаваная аўтарытарная сістэма, якая не даруе нічога. Дастаткова паглядзець на дзеянні ўлады ў дачыненні да некаторых былых паслоў, якія праявілі грамадзянскую адказнасць. Іншыя робяць з гэтых выпадкаў высновы, баючыся за сваю кар'еру і сям'ю.

Ёсць і трэцяя катэгорыя людзей. Для іх галоўнае, каб было спакойна. Многія з іх галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах супраць Лукашэнкі, але яны баяцца, што можа праліцца кроў.

Аб тым, хто можа пераканаць Лукашэнку падаць у адстаўку

— Ці можа ў такой сітуацыі змена ўлады адбыцца мірна? Я лічу, што так. Артыкулы 87 і 89 Канстытуцыі (прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку, яна прымаецца Палатай прадстаўнікоў, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы да прынясення прысягі зноў абраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм'ер-міністра) дазваляюць гэта зрабіць.

Паглядзім, якую ролю згуляюць знешнія сілы. Хоць я ў прынцыпе супраць эканамічных санкцый. Гісторыя паказвае, што амаль нідзе яны не далі выніку ў выглядзе звяржэння дыктатара, а толькі негатыўна адбіваліся на становішчы простых людзей.

У нашай усходняй суседкі ёсць іншыя магчымасці. Думаю, можна пераканаць таварыша, што яго час сышоў. Тыя, хто зацікаўлены ў стабільнасці Беларусі, павінны зрабіць канкрэтныя крокі.

Я прагназую, што змена ўлады павінна адбыцца ў 2021 годзе. Усе перадумовы для гэтага ёсць. 

Спадзяюся ўбачыць перамены да лепшага і рэалізацыю на практыцы першай артыкула Канстытуцыі, якая абвяшчае, што Беларусь — гэта дэмакратычная, прававая, сацыяльная дзяржава.