Сілавікі разграмілі кватэру Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай
ГУБАЗіК разграміў кватэру беларускіх журналістаў Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай. Сілавікі назвалі гэта «ператрусамі ў мэтах выяўлення схованак і іншых прыкметаў садзейнічання тэрарызму».
Відэа пагрому апублікаваў 12 ліпеня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, піша Свабода.
У паведамленні сцвярджаецца, што на Дзяніса Дудзінскага завялі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у тым, што ў сваіх публічных выступах ён «не раз заяўляў аб падтрымцы тэрарызму і выказваў гатоўнасць аказаць садзейнічанне дыверсійным групам», паведамляе набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.
«У ягоных дзвюх кватэрах былі праведзеныя ператрусы ў мэтах выяўлення схованак і іншых прыкметаў садзейнічання тэрарызму», — паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Дзяніс Дудзінскі, папулярны тэлевядоўца на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1», шоумен, спявак, актор. Летась улетку выказаўся супраць гвалту сілавікоў, калі ў чэрвені АМАП разагнаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. Пасля гэтага страціў эфір на дзяржаўнай тэлевізіі.
У верасні 2020-га Дудзінскаму прысудзілі 10 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП). Тады ён пад ціскам запісаў відэазварот з заклікам не ўдзельнічаць у пратэстах. У кастрычніку Дудзінскага аштрафавалі па гэтым жа артыкуле на 675 рублёў (каля 270 долараў).
Улетку 2021 году Дзяніс Дудзінскі і яго жонка Кацярына Раецкая з’ехалі з Беларусі ва Украіну. Пасля пачатку вайны яны пераехалі ў Польшчу.