Сілавікі і права на пратэст

Ілля Дабратвор — пра тое, што можа змяніць выхад на вуліцу з патрабаваннямі да ўладаў.

Илюстрацыйнае фота: «ТАСС»

Илюстрацыйнае фота: «ТАСС»


Пакуль у Беларусі, нягледзячы на крытычную эканамічную сітуацыю, усё ціха, прадстаўнікі пажарных і службы аховы турмаў сабраліся ў цэнтры Варшавы на акцыю пратэсту. Хоць там яшчэ цішэй, чым у Мінску.
У гэта цяжка паверыць беларусам, але сілавікі маюць поўнае права выйсці на пратэст, пішаІлля Дабратвор для «Свабодных навін плюс».
Пры гэтым, у адрозненне ад Беларусі, у Польшчы дастаткова паведаміць мясцовым уладам пра правядзенне акцыі. Вядома, праўладныя арганізацыі і ў Беларусі маюць магчымасць праводзіць што заўгодна, дзе заўгодна і калі заўгодна. Але ў ЕС закон роўны для ўсіх і не важна, каго ты падтрымліваеш: дзеючую ўладу або апазіцыю.
Варта адзначыць, што калі браць ільготы, то дзяржаўныя служачыя, паліцыя, пажарныя і супрацоўнікі службы аховы турмаў карыстаюцца практычна такімі ж бонусамі, што і іх беларускія калегі, і нават больш. Ільготны крэдыт на пабудову жылля, спартыўныя залы, басейны, пакоі адпачынку. Пры гэтым заробак нават на першапачатковым этапе будзе больш за 1000 еўра. А яны ўсё роўна пратэстуюць, пакуль іх калегі, якія атрымліваюць на парадак менш, маўчаць.
Права на пратэст — аснова любога дэмакратычнага грамадства. Без акцый пратэсту, мітынгаў, забастовак, стачак улады проста не будуць ведаць пра наяўнасць праблемы. Вулічная актыўнасць прыцягвае ўвагу і дапамагае вырашыць праблему.
У Беларусі шмат гадоў улады кажуць, што вуліца — гэта не рашэнне. Можна збольшага пагадзіцца з імі, бо за актыўнай фазай пратэсту ідуць перамовы з уладамі, узаемныя саступкі. І сітуацыя змяняецца. Я не памятаю ў найноўшай гісторыі Беларусі, каб улады пачалі рэальныя перамовы з незадаволенымі. Некалі была спроба стварыць фэйкавы круглы стол з удзелам апазіцыі, але ідэя правалілася. Цяпер ёсць намінальны КДС Юрыя Васкрасенскага, але гэта ўсяго толькі бутафорыя. Ніякіх перамоваў, а тым больш саступак народу ў планах уладаў няма.
Пратэсты 2020 года паказалі, што ў Беларусі дастаткова шмат незадаволеных. Нічога не прадвяшчала для ўладаў бяды: нешматлікія акцыі пратэсту апазіцыі, унутраныя сваркі, адсутнасць заўважнай падтрымкі. Здавалася, 2020 год паўторыць 2015-ты. Але аказалася, што здавалася.
Цяпер рэжым зноў адчуў сябе ўпэўнена. У краіне расійскія войскі, гатовыя ў любы момант падтрымаць яго…
Але гэта ўяўны спакой. Чым мацней закручваюць гайкі, тым больш шанцаў, што разьбу сарве. Ды і напружанне металу не варта адкідваць. Як паказвае сусветная гісторыя, Кадафі, Хусэйна, Чаўшэску зрынулі не апазіцыя ці міфічны калектыўны Захад. Гэта зрабілі свае ж, выхаваныя імі ж людзі. Чаму навучылі, тое і атрымалі.
Змяняльнасць улады, кантроль над уладай, вяршэнства закону — вось асноўныя прынцыпы дэмакратычнага грамадства. Я выдатна разумею, што прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі з'яўляюцца меншасцю ў Беларусі. Вельмі агрэсіўнай меншасцю. Безумоўна, іх правы трэба ўлічваць, але пры гэтым не на шкоду інтарэсам большасці беларусаў.
Беларусы не хочуць чагосьці дзіўнага, яны хочуць цалкам зразумелых і простых рэчаў. Бяспекі, якая ў Беларусі дзякуючы беспакаранасці сілавікоў адсутнічае. Магчымасці працаваць і зарабляць для сваёй сям'і, а не для сям'і Лукашэнкі і яго набліжаных. Магчымасць пазнаваць свет, а не быць зачыненымі ў сваёй краіне. Быць вядомымі і паважанымі ў свеце, а не грамадзянамі краіны трэцяга свету.
На працягу многіх гадоў насельніцтва Беларусі пастаянна падвяргалася рэпрэсіям з розных бакоў. Расійская імперыя, нацысцкая Германія, СССР — усе яны праводзілі мэтанакіраваную палітыку па знішчэнні самых актыўных, нацыянальна-арыентаваных людзей. Выжылі ў асноўнай масе тыя, хто залягалі на дно.
Як часта гаварылі чыноўнікі падчас выбарчых кампаній: «Мы абавязкова вас падтрымаем, калі вы пераможаце». Практычна не адрознівалася і пазіцыя асноўнай масы выбаршчыкаў: «Перажылі фашыстаў, перажылі камуністаў — перажывем і лукашыстаў». Выжылыя прывілі сваім дзецям савецкі прынцып: «Думаць адно, гаварыць другое, рабіць трэцяе».
Але сучаснае грамадства не жыве за «жалезнай заслонай», як пры СССР. Не схаваеш свае брудныя справы, не абмяжуеш людзям доступ да рэальнай інфармацыі. Беларусь, безумоўна, стане свабоднай, дэмакратычнай еўрапейскай Беларуссю. Гэтага хочуць адэкватныя чыноўнікі, людзі. Пытанне стаіць толькі адно: калі?