Расійскія ракеты зваліліся ў Польшчы, ёсць ахвяры. Ці лічыць гэта нападам на краіну NATO?

На тэрыторыі Польшчы, непадалёк ад мяжы з Украінай, сёння, 15 лістапада, разарваліся дзве ракеты. Паводле папярэдніх даных, загінулі два чалавекі.

eec3e47_fhn20afwqaovq3a.jpg

Радыёстанцыя Radio ZET паведамляе пра інцыдэнт, спасылаючыся на свае крыніцы, але не кажа, адкуль менавіта прыляцелі ракеты. «Асашыэйтэд прэс» піша са спасылкай на неназваных высокапастаўленых супрацоўнікаў амерыканскай выведкі, што ракеты былі расійскімі.

Як перадае Radio ZET, ракеты ўзарваліся ў вёсцы Пшэводуў у Люблінскім ваяводстве.

Польскія пажарныя службы кажуць аб выбухах на месцы, дзе знаходзіцца зернесушылка, піша ВВС.

Gazeta Wyborcza паведамляе, што ўрад Польшчы праводзіць экстранае пасяджэнне Камітэта па бяспецы і абароне.

Звесткі пра ракетны ўдар пацвердзіў міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс. «Мае спачуванні польскім братам па зброі. Злачынны расійскі рэжым запускае ракеты, якія трапляюць не толькі па ўкраінскіх мірных жыхарах, але прызямліліся і на тэрыторыі NATO ў Польшчы», — напісаў Пабрыкс у «Твітары».


Не выключана, што «высокадакладныя» рускія ракеты былі запушчаны з тэрыторыі Беларусі.



Наконт падзення ракет у Польшчы эксперт Ігар Тышкевічадзначае: «РФ будзе спяваць аб правакацыі або віне ўкраінскіх СПА: маўляў, збілі не там ці не павінны былі збіваць (не выключаю і такую логіку).

Але ёсць факт ракеты на тэрыторыі РП. Калі пацвердзіцца факт гібелі мясцовых жыхароў — ёсць забойства цывільных людзей у краіне, якая не ўдзельнічае ў вайне. Але краіне, якая ёсць проксі-сілай ЗША ў рэгіёне.

Ці будзе задзейнічаны 5 артыкул статуту NATO? Не думаю, улічваючы пазіцыю Францыі і Германіі.

Але вось пытанне паставак сістэм СПА ва Украіну, паставак самалётаў, сродкаў паражэння (у тым ліку ў глыбокім тыле праціўніка) — усё гэта Украіне атрымаць цяпер будзе нашмат прасцей».

Як пісаў НЧ, рускія ракеты падалі і на тэрыторыю Малдовы. Так, МУС Малдовы 31 кастрычніка паведаміла, што раніцай у панядзелак на тэрыторыю паселішча Наслаўча Окніцкага раёну на паўночнай мяжы з Украінай упала расійская ракета, збітая ўкраінскай сістэмай СПА. Ахвяраў няма. У некалькіх дамах вылецелі шыбы.

Паводле t.me/slavic_brotherhood, ВВС, www.pravda.com.ua