Шуневіч: Няма і быць не можа такой дэфініцыі, як "прэвентыўнае затрыманне"
Усе грамадскія актывісты, затрыманыя перад адкрыццём чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, учынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, размаўляючы з журналістамі 14 мая ў Палаце прадстаўнікоў.
Ігар Шуневіч
"Няма і быць не можа такой дэфініцыі, як "прэвентыўнае затрыманне". Затрыманні былі тых асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні — хуліганства,
непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і гэтак далей. Такія затрыманні былі, ёсць і будуць працягвацца", — заявіў кіраўнік МУС.
Нагадаем, напярэдадні адкрыцця і падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі, пераважна ў Мінску, прайшлі масавыя затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў,
актывістаў затрымліваюць па сфабрыкаваных і аднатыповых абвінавачаннях у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Затрыманых і арыштаваных ужо больш чым 30 чалавек, некаторых
актывістаў апазіцыі міліцыя працягвае адшукваць. Праваабаронцы звязваюць гэта з імкненнем уладаў ізаляваць апазіцыйных актывістаў на час правядзення чэмпіянату свету.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН