Санстанцыя прыпыніла дзейнасць сталічнай кавярні з бчб-шаурмой
Цяпер кіраўніцтва і супрацоўнікі кавярні спрабуюць тэрмінова выправіць указаныя парушэнні.

«Усім прывітанне. Піша вам ўладальніца той самай БЧБ шавухи на Ленінградскай 2, са скідкамі для сваіх і валанцёрства ... Кароч, нас закрылі. Ламануліся ўсе магчымыя і немагчымыя праверкі, зараз. З галашэннем "вы ж разумееце, да вашай дзейнасці гэта не мае дачынення" (паўтарылі раз 5), нас закрылі. Па агульным знаёмым удакладніла, што была дадзена каманда не даваць нам працаваць. Шчыра кажучы, я ў шоку, паніцы і ах # е. Усім калектывам спрабуем нешта прыдумаць, але пакуль складана», — такі допіс разаслала ў тэлеграм-каналы ўладальніца кавярні Анастасія Тайранава.


У каментары "Анлайнеру" яна ўдакладніла, што дзейнасць кавярні прыпынена з 6 кастрычніка. Цяпер супрацоўнікі паклікалі на дапамогу сяброў і спрабуюць тэрмінова выправіць усе ўказаныя парушэнні. Яны спадзяюцца з чацьвера аднавіць працу, паколькі прастой іх збядняе — дзень прастою абыходзіцца ў 300 рублёў.
Кавярня на Ленінградскай, 2 вядомая тым, рабіла для медыкаў у перыяд пандэміі бясплатную шаўрму, пасля прэзідэнцкіх выбараў супрацоўнікі кавярні адвозілі ежу для валанцёраў ля Акрэсціна. Таксама яны рабілі зніжкі людзям з белымі стужкамі і прадавалі шаўрму бел-чырвона-белага колеру.