Сайт Naviny.by даступны праз ананімайзеры
Раніцай 21 снежня сайт інтэрнэт-газеты “Белорусские новости” працаваў з перабоямі.
Старонка рэсурса на 10.00 не адчынялася звыклым чынам, або адчынялася часткова і з памылкамі. Трапіць на сайт можна праз ананімайзеры. Свежых абнаўленняў на старонцы няма — апошнія матэрыялы былі выстаўленыя ў суботу ўвечары.
Між тым сайт агенцтва БелаПАН, праектам якога з’яўляецца Naviny.by, дагэтуль недаступны нават праз ананімайзеры.
Сайты Naviny.by і belapan.com перасталі працаваць увечары 20 снежня, пасля сустрэчы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з рэдактарамі незалежных СМІ. Сустрэча была прысвечаная пытанням асвятлення ў масмедыях сітуацыі на валютным рынку. Як піша “Наша Ніва”, міністарка звярнулася з просьбай да журналістаў асвятляць падзеі ў гэтай сферы ўзважана, кіруючыся нацыянальнымі інтарэсамі краіны.
Пасля гэтага адбыўся ажыўлены, а момантамі і востры абмен думкамі па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Гаворка выйшла за межы зададзенай міністрам тэмы. Закраналіся пытанні паправак у закон аб СМІ, сітуацыя вакол кнігарні “логвінаЎ”.
У сустрэчы бралі ўдзел адказныя супрацоўнікі міністэрства. Ад СМІ прысутнічалі галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, Іосіф Сярэдзіч ад “Народнай волі”,
Юрый Зісер і Марына Золатава ад партала Тут.бай, Ірына Леўшына ад агенцтва БелаПАН, рэдактары “Белорусов і рынка”, “Комсомольской правды в Беларусі”, агенцтва
“Інтэрфакс”, сайта Ej.by, “Аргументов и фактов”. Прысутнічаў таксама кіраўнік бюро агенцтва “Россия сегодня”, партала Yandex.by. Быў запрошаны і
прадстаўнік Mail.ru, але ён не змог з'явіцца.
euroradio.by