Са зняволеным Уладзімірам Гундарам адбываецца нешта дзіўнае

Дачка Уладзіміра Гундара паведаміла «Новаму Часу», што з яе бацькам ў зняволенні стала адбывацца нешта дзіўнае.

Уладзімір Гундар. Фота: «Радыё Свабода»

Уладзімір Гундар. Фота: «Радыё Свабода»

Уладзімір Гундар напярэдадні напісаў ліст, у якім, як распавяла дачка, «прасіў біць ва ўсе званы». Адвакат здолеў трапіць да Уладзіміра Гундара 29 чэрвеня. Ён паведаміў, што 25 чэрвеня актывіст на 10 дзён трапіў у карцар і абвясціў там галадоўку. Выйсці з карцара зняволены мусіў толькі 5 ліпеня.

Дачка Уладзіміра Гундара вельмі непакоілася, што тата застаўся без лекаў, «а без таблетак ў яго зноў можа здарыцца гіпертанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ўзнікае пагроза пазбавіцца другой нагі».


1 ліпеня, як паведаміла дачка «Новаму Часу», з яе бацькам стала адбывацца нешта дзіўнае.

МУС апублікавала відэа, як чалавек, падобны да Уладзіміра Гундара, прымае ежу. Відэа, што доўжыцца каля 15 секунд, вельмі кепскай якасці і знятае на звычайны тэлефон, а памяшканне, дзе адбываюцца падзеі, не падобнае да карцара. Навіна пра Гундара на сайце МУС апублікаваная 1 ліпеня і названая «І зноў фэйкавы ўкід пра галадоўку». Там напісана: «Глядзіце відэа сённяшняга дня: Гундар прымае ежу. Стан яго здароўя здавальняючы». Зрэшты, нейкай даты, што дазваляе аднесці яго да 1 ліпеня, на самім відэа не пазначана.