Родным Вітольда Ашурка вярнулі яго асабістыя рэчы: знік турэмны дзённік

Следчы вярнуў родным асабістыя рэчы Вітольда Ашурка, але, як паведамілі сябры, сярод іх няма дзённіка, які вёў палітвязень.

196638725_104434775201041_1745014137195867860_n.jpg

Крымінальная справа дагэтуль не заведзеная, паведаміў БелаПАН брат загінулага Андрэй Ашурак.
«Крымінальнай справы пакуль няма, яшчэ не гатовыя экспэртызы. Матэрыялаў праверкі сабралася на цэлы том. Але канкрэтыкі асаблівай пакуль няма, на жаль, і калі яна будзе, невядома», – сказаў Андрэй Ашурак.
Сябры паведамілі аб забраных рэчах на старонцы ў фэйсбуку, якую стварылі ў памяць аб Вітольдзе:
«Забралі апошнія рэчы Вітольда. Спачатку з Гродзенскай турмы, а потым у Магілёве - у Следчым камітэце. Адзенне (у тым ліку тое, якое ён не паспеў панасіць са Шклоўскай калоніі), дарагі для яго гадзіннік, дзве кнігі (Біблія на беларускай мове і падручнік ангельскай мовы), асабістыя рэчы».
Таксама родным аддалі лісты, якія Вітольду пісалі сотні людзей з усёй краіны:«І сотні лістоў. Іх Вітольд правёз за сабой па этапах. У тым ліку тыя, якія яму пераслалі ў Шклоў з Гродна, і якія ён, па ўсіх прыкметах, не чытаў».
Сярод атрыманых рэчаў, па словах Ашуркаў, не было дзённіка, пра які Вітольд неаднаразова ўспамінаў у лістах і часам цытаваў адтуль фрагменты.
«Я напісаў скаргу на адсутнасць дзённіка. Вітольд пісаў, што яго вядзе. Гэта павінен быць агульны сшытак або некалькі сшыткаў. Магчыма, дзённік застаўся ў «карантыне» Шклоўскай калоніі», – сказаў брат палітвязня.