Рэжым Лукашэнкі даб'юць яго ж прыхільнікі
Дэфіцыт мазгоў і грошай нараджае пачвар на мінімалках. Усё складаней пісаць пра беларускія рэаліі сур'ёзна і прыстойна. Машына працуе да зносу, «пасадкі» не спыняюцца, але на выхадзе — безыдэйнае драбнатэм'е.
І мінулыя «экстрэмісты» былі так сабе — з кветачкамі ды песнямі. Але цяперашнія затрыманыя — студэнты пачкамі; дробныя бізнесоўцы, якія нібыта нават за Лукашэнку, тапілі; шараговыя рабацягі; айцішнік, які меціў у дэпутаты…
Грозныя крыкі ГУБАЗіК усе такія ж грозныя, але на месца святога жаху да людзей прыходзіць здзіўленне. Маўляў, тых бралі, дык яны хоць са сцягам хадзілі, а цяпер... Спярша звальнялі тых, хто ў 2020-ым па адміністрацыйцы сядзеў, а апошніх ужо зусім незразумела за што. Страх становіцца звыклым. Рацыянальна пабудаваць лінію бяспечных паводзін вельмі складана. Чырвоныя лініі сталі гэтакімі мудрагелістымі і звілістымі, што народу застаецца ціха спадзявацца: авось пранясе. Уладзе застаецца спадзявацца, што яе не прыкончаць яе ж прыхільнікі, піша Вольга Лойка ў «Плане Б».
Гэта «дупа». «Дупа з вусамі»
Адсутнасць выразнай мэты спараджае абсурд на роўным месцы. Прыз за лепшую піяр-кампанію атрымлівае МУС, якое папоўніла спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў ютуб-каналам «Дупа з вусамі». У гэтай навіне было выдатна ўсё, нават напісаныя з вялікай літары «Вусы». Гэта той выпадак, калі лепш было б пацярпець і рабіць выгляд, што ніякай «Дупы з вусамі» не існуе.
У выніку з навіны пацяшаліся не толькі беларускія апальныя медыя, але і найбуйнейшыя расійскія паблікі. Вось пра Лукашэнку яны рэдка ўспамінаюць, і без піетэту. Пра вялікія дасягненні беларускай прамысловасці ці культуры — і зусім маўчаць. А навіну пра нешта з вусамі проста «на ўра» падхапілі. І тысячы тых, хто пра гэты канал забыўся ці не ведаў, з энтузіязмам пачалі вывучаць экстрэмісцкі кантэнт. Балазе, глядзець яго пакуль не забаронена.
А глядзець нешта народу трэба. Вядома, ёсць тое, што паказваюць у правільным тэлевізары. Вось старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант надоечы з гонарам цытаваў «закрытае даследаванне» «забароненай у Беларусі структуры». І, мяркуючы з гэтага даследавання, у 2022 годзе 47% апытаных паказалі, што атрымліваюць інфармацыю з тэлебачання. Гэта на 14 працэнтных пунктаў вышэй, чым у 2021 годзе.
Цікава, што навіны пра сваю аўдыторыю Эйсмант даведваецца з даследавання Press Club Belarus. Мабыць, родным «Экоомам» нават ён не вельмі верыць. Ці верыць аўдыторыя таму, што бачыць у тэлевізары, кіраўнік БТ разважліва ўдакладняць не стаў.
Прыземленая эканоміка
У цэлым аўдыторыі дзяржСМІ даводзіцца няпроста. Можа, народ і пачытаў, і паглядзеў бы чаго. Але аднымі пасквілямі пра «збеглых» сыты не будзеш. Добра, тэлеканалы расслабіліся, гадамі закупляючы забаўляльны кантэнт у Расіі і Украіне. Але ёсць жа тэмы, прывязаныя да месца. Аднак усе праблемныя жанры з дзяржСМІ выдалены. Гэта значыць, лёгкая камунальная крытыка яшчэ дапушчальная, далей — ні-ні.
Эканамічныя праблемы — цяпер доля вузкаспецыяльных медыя. Мяккая там у нас грашова-крэдытная палітыка ці жорсткая; як рэальна пажывае імпартазамяшчэнне; інфляцыйны навес і калі ён абрынецца (а ён абрынецца). Народу пра гэта ведаць не належыць. А належыць яму ведаць, што ў Беларусі ўсё стабільна. Без падрабязнасцей. Ад пры мностве мудрасці шмат смутку, і той, хто памнажае веды, памнажае смутак.
Хіба што крышачку псеўдаэканамічнай настальгіі пра простыя чалавечыя радасці не пашкодзіць. І вось ужо ў газеце Адміністрацыі Лукашэнкі можна прачытаць пра бескарыснасць маркетолагаў, мерчэндайзераў і іншых сэйлзаў. Ці то па Саюзе таварыш настальгуе, ці то да размеркавання прадуктаў па паўночнакарэйскім варыянце беларусаў рыхтуюць.
«Навошта ўскладняць простыя працэсы і фарміраваць войска спецаў сумнеўнай эфектыўнасці? Няхай сабе жывуць, але ці гатовыя спажыўцы аплачваць іх інтэлектуальныя практыкаванні? У доказ сваёй правасці прывяду прыклад: да нас у двор раз на тыдзень прыязджае фермер са Столінскага раёна. Прывозіць якасную, свежую і смачную прадукцыю. І без усякай рэкламы, маркетынгу і іншай мішуры прадае за дзень (часам хутчэй) мікрааўтобус сваёй ежы. Праўда, кошты ў яго ніжэйшыя, чым у сеткавым гандлі. Часам вельмі нават істотна. Вось вам і ўвесь маркетынг».
Вось такі рытэйл нам патрэбны замест тоўстых сеткавых монстраў. Выходзіць, будзем раз на тыдзень у двор з бідонам, слоікам і авоськай — да фермера. Куры неабшчыпаныя вернуцца — не графы, справімся. Прасцей трэба быць. Усе гэтыя раздзелкі, упакоўкі, пармезаны з хамонамі, магазіны, якія працуюць ад заходу да світання — ёсць гастранамічная і спажывецкая распушчанасць, не ўласцівая беларускаму народу.
Гэта ад малапісьменнасці нават вясковыя жыхары патрабуюць сабе буржуйскі «Еўраопт» замест роднай белкаапсаюзаўскай аўталаўкі. Яны проста высокія цэны ад нізкіх не адрозніваюць і ў асартыменце не разбіраюцца. Ім «фермер са Столінскага раёна» нямілы. Яшчэ крыху — і ім закупы ў Польшчы падавай.
Так што трэба пабольш такой лубачнай аналітыкі. Нядорага абыходзіцца. Ці верыць ёй хто? Невядома. Трэба чакаць, пакуль «збеглыя» даследаванне правядуць.
Плюс касплей Мусаліні
Але адсутнасць ідэі, канцэпцыі і рэсурсаў на прапаганду (на гэта гучна скардзяцца топавыя прапагандысты краіны) не тлумачыць некаторыя вербальныя інтэрвенцыі прадстаўнікоў улады. Тут на дыверсію паходзіць. І вось Максім Ермаловіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, заяўляе, што Беларусі трэба будаваць карпаратыўную дзяржаву. А ўсе, хто гісторыю ў школе і ВНУ вучыў, лёгка ўспомняць або нагугляць, што менавіта яе будаваў даволі вядомы Беніта Мусаліні.
«Хай гэта будзе транснацыянальная карпарацыя, — сказаў Ермаловіч у праграме «Эканамічнае асяроддзе». — Каб уся гэтая сістэма працавала як экспартная карпарацыя Беларусь».
Далейшае апісанне падазрона паходзіць менавіта на тую карпаратыўную дзяржаву, стварэнне якой нацэлена на «пераадоленне класавых антаганізмаў і ліквідацыю класаў у капіталістычным грамадстве». Замест класаў прыхільнікамі гэтай тэорыі ўводзілася паняцце «карпарацыі», праз якія нібыта ажыццяўляецца супрацоўніцтва працы і капіталу: кожная карпарацыя выконвае сваю сацыяльную функцыю, прадпрымальнік у карпарацыі не эксплуататар, а «лідар індустрыі». Гэта з «Вялікай савецкай энцыклапедыі».
А вось з Ермаловіча. У яго Беларусь — краіна, «у якой дзяржаўныя органы дапамагаюць прадпрыемствам вырабляць прадукцыю, прадаваць гэтую прадукцыю на знешнія рынкі. Не шукаючы ў гэтым асабістай зацікаўленасці. Навука робіць усё, каб гэты прадукт быў канкурэнтаздольны. Каб фінансавы сектар прапаноўваў простыя, зразумелыя і даступныя формы фінансавання. Дзяржаўныя органы, знешнеэканамічны сектар нашай краіны дапамагаў, прапаноўваў прадаваць гэтую прадукцыю на рынкі».
І з гэтым наборам установак, з дзікай колькасцю інфармацыйных «забарон» і з узварам у галаве ў шчырых (ці не) сваіх прыхільнікаў улада разлічвае... Дарэчы, а на што яна разлічвае, акрамя як захавацца ў максімальна нязменным стане максімальна доўга? Што яна можа паабяцаць нават не народу (не да яго цяпер), а «красаўцам» і іншым набліжаным?
А нічога новага. Жрыце, што даюць. Няма ў нас для вас ані ідэй, ані грошай.