Рэпрэсіі ў Беларусі набіраюць абароты

«Плато рэпрэсій» ужо пройдзенае, і цяпер назіраюцца тэндэнцыі да ўзмацнення пераследу ворагаў рэжыму.

Улады працягваюць тэрарызаваць беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Улады працягваюць тэрарызаваць беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Першыя месяцы 2024 года выразна паказалі, што ўлады не збіраюцца зніжаць абароты сваёй рэпрэсіўнай машыны. Наадварот, яны нарошчваюць ціск і пераслед іншадумцаў.

Гэта асабліва выразна заўважна па сітуацыі ў месцах зняволення: за тры з паловай месяцы бягучага года там загінулі трое палітвязняў (Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч). Шэсць смерцяў палітвязняў пасля 2020 года — і палова з іх сёлета. Песіместычная тэндэнцыя, асабліва з улікам пагаршэння здароўя многіх палітвязняў і серыі эпідэмій у калоніях (як мінімум, грыпу і каросты ў наваполацкай калоніі №1 і туберкулёзу ва ўсіх турмах Беларусі), піша Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй».

На «волі» сітуацыя таксама не выклікае аптымізму: улады нарошчваюць кантроль за беларусамі.

Тут, акрамя мілітарызацыі рэжыму, якая працягваецца, вылучаюцца наступныя напрамкі: а) працяг ліквідацыі структур грамадзянскай супольнасці — за першыя тры месяцы года былі (сама)ліквідаваныя 92 арганізацыі (на 35% больш, чым напрыканцы мінулага года); б) нарошчванне сеткі камер відэаназірання — цяпер іх ужо больш за 35 000, і яны аб'яднаныя ў сетку з магчымасцю распазнавання асобы; в) разрастанне сістэмы сачэння ў онлайн-рэжыме (у тым ліку за плацяжамі з магчымасцямі іх блакавання).

Палітычная сегрэгацыя

Асобны кірунак рэпрэсій — паслядоўнае распазнаванне лаяльных і нелаяльных грамадзян з дыскрымінацыяй апошніх. Тут асаблівую ўвагу сілавікі надаюць тым беларусам, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Улады відавочна разглядаюць дыяспару як сваіх ворагаў: у дачыненні да яе негалосна збіраецца разнастайная інфармацыя, ажыццяўляюцца спробы вярбоўкі сілавікамі, ладзяцца разнастайныя правакацыі, заводзяцца групавыя крымінальныя справы і г. д.

Аднак асноўны ўдар быў нанесены не столькі па дыяспары, колькі па інфраструктуры яе сувязей з беларусамі ўнутры Беларусі.


Глядзіце таксама

У першую чаргу тут маецца на ўвазе маштабны «хапун», які напрыканцы студзеня зладзілі ў дачыненні да тых, хто якім-небудзь чынам дапамагаў як самім палітвязням, так і іх сем'ям. Паводле розных ацэнак, пад гэты «хапун» трапілі ад 300 да 700 чалавек.

Другая таксама значная акцыя — гэта сакавіцкая хваля рэпрэсій, якая разгарнулася супраць актывістаў за супрацоўніцтва з праваабаронцамі. Непрынцыпова, ці сапраўды гэтае супрацоўніцтва мела месца. Тут важны сэнс: любы кантакт з ворагамі рэжыму будзе пакараны.

«Антыэкстрэмізм»

У тым ліку і як нагнятанне страху ў грамадстве мы разглядаем такія дзеянні ўладаў, як інструментальнае выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства. Супраць беларускага грамадства яно па-ранейшаму ўжывалася актыўна, але нераўнамерна.

Так, напрыклад, знізілася інтэнсіўнасць уключэння беларусаў у «тэрарыстычны спіс»: калі ў мінулым квартале ў яго ўключылі 43 чалавекі, то цяпер у яго трапілі толькі 24 чалавекі (на канец сакавіка — 1141 чалавек, з іх 412 беларусаў). Акрамя таго, адсутнічае інфармацыя пра новыя «тэрарыстычныя фарміраванні». Таксама нязначна — на 6% — знізілася інтэнсіўнасць уключэння беларусаў у «спіс экстрэмістаў». Калі ў мінулым квартале ён папоўніўся на 296 прозвішчаў, то ў гэтым — на 279 (на канец сакавіка — 3932 чалавекі).

На жаль, па іншых паказчыках назіраецца не зніжэнне, а павелічэнне рэпрэсіўнага ціску.


Глядзіце таксама

Так, тэмпы прысваення розным структурам статусу «экстрэмісцкіх фарміраванняў» павялічыліся на 50%. Калі ў апошнім квартале 2023 года «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» былі прызнаныя 16 структур, то ў справаздачным — 24 (гэта максімум за апошнія 5 кварталаў.)

Таксама павялічыліся тэмпы прыросту колькасці судовых пасяджэнняў аб прызнанні крыніц інфармацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — прырост склаў 24%. Актуальны сярэднямесячны паказчык у 115 пасяджэнняў стаў максімальным за апошнія 5 кварталаў. Акрамя таго, ад квартала да квартала расце колькасць пазіцый у «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Цяпер спіс папоўніўся на 685 адзінак, што на 27% больш, чым у папярэднім перыядзе (агульны аб'ём — больш за 4200 адзінак).

Дынаміка затрыманняў

Колькасць палітычна матываваных затрыманняў за квартал склала 987 чалавек. Асноўная доля арыштаў прыйшлася на студзень-люты, калі сілавікі арганізавалі маштабны «хапун салідарнасці» (за кантакты з ініцыятывай «INeedHelpBY») і ўпершыню ўжылі артыкул 24.15 КаАП за атрыманне «міжнароднай дапамогі». 

Між тым, праваабаронцы сцвярджаюць, што найбольш распаўсюджанай падставай палітычнага пераследу — прынамсі, адміністрацыйнага — застаецца «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».


Глядзіце таксама

Калі казаць менавіта пра адміністрацыйны пераслед, то яго ўзровень у першым квартале 2024 года вырас яшчэ на 23%. Калі раней такіх судоў было 1307, то ў справаздачным перыядзе — 1602. А вось з крымінальным пераследам маем іншую сітуацыю: калі з другога квартала 2023 года колькасць крымінальных спраў палітычнага характару змяншалася ад квартала да квартала, то цяпер яна зноў пачала расці. Цяпер агульная колькасць крымінальных працэсаў па палітычных матывах склала 414 спраў.

У выніку мы маем злом тэндэнцыі, якая вызначалася ў 2023 годзе. Тады мы фіксавалі паступовае зніжэнне крымінальнага пераследу і як бы замену яго адміністрацыйным. Цяпер, на жаль, пра гэта ўжо нельга сказаць: замены «крымінальнага аддзела» на «адміністрацыйны» не адбылося.

Рэзюмэ

У вачах улады грамадства працягвае заставацца ворагам. Рэжым адкрыта дзеліць людзей на лаяльных яму і варожых. У дачыненні да апошніх ажыццяўляецца ўсё большая дыскрымінацыя, усё больш жорсткі рэпрэсіўны ціск. Расце тэндэнцыя крыміналізацыі любых адносінаў з такімі беларусамі (людзьмі, ініцыятывамі, арганізацыямі). Асноўнымі інструментамі камунікацыі рэжыму з гэтай часткай беларускага грамадства застаюцца: кантроль, забарона, абмежаванне, сачэнне, прымус, запалохванне, пакаранне і г. д. 

Перспектыў для зніжэння рэпрэсіўнага ціску ў бліжэйшы час, на жаль, пакуль не назіраецца.