«Рабі так, як будзе лепш хакею. Мы крыўдаваць не будзем»

Што вынікае з сёняшняй сустрэчы Лукашэнкі і Фазела? Барацьба за хакейны чэмпіянат свету працягваецца.

Рэнэ Фазел у Мінску. Фота «Пул Першага»

Рэнэ Фазел у Мінску. Фота «Пул Першага»

Такая доўгачаканая, не аднойчы анансаваная, сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Міжнароднай хакейнай федэрацыі (ІІХФ) Рэнэ Фазелам нарэшце адбылася.

Высокі госць са Швейцарыі намаляваўся ў Палацы Незалежнасці сёняшнім ранкам. Яго, шырока раскрыўшы абдымкі, гасцінна сустракаў гаспадар — і яго атачэнне, сярод якога былі заўважаныя не толькі Віктар Лукашэнка і Раман Галоўчанка, але і старшыня беларускай федэрацыі (ФХБ), сумна вядомы Дзмітрый Баскаў.

Павітаўшыся, бакі сардэчна паручкаліся, пяшчотна паабдымаліся, засведчылі адзін аднаму сваю бязмежную павагу — дый пакрочылі ў залу для перамоваў. Каб зрабіць крокі насустрач чэмпіянату свету ў Мінску, ці наадварот — агучыць адваротны варыянт пераносу турніра ў іншую краіну, ці проста патаптацца на месцы.

Што ў выніку адбылося — першае, другое?.. З той інфармацыі, што аказалася ў прэсе па гарачых слядах, хутчэй трыцяе. Пытанне па-ранейшаму вісіць у паветры, і ад шырыні ўзаемных дабразычлівых усмешак яго вырашэнне залежыць не будзе.

Змест папярэдніх серый

З перадгісторыяй гэтай хакейна-палітычнай эпапеі раім азнаёміцца тут. Калі лянота, то зусім коратка асноўныя тэзісы:

а) рызыка Мінска застацца без статуснага чэмпіянату даволі высокая — і не так важна, праз паслявыбарныя страшныя падзеі прымуць гэта рашэнне, ці (больш лайтовы варыянт) праз кавід;

б) Фазел Лукашэнку сябар і не хоча таго падводзіць, але ж занадта таксічным стаў рэжым у вачах сусветнай супольнасці, ды і не ў паўнамоцтвах кіраўніка ІІХФ выносіць такія глабальныя вердыкты;

в) краіна-кампаньёнка Беларусі па месцы правядзення форума Латвія катэгарычна супраць такой кааперацыі і пагражае выйсці з канцэсіі ў аднабаковым парадку;

г) хто б цяпер што ні казаў, усё вырашыцца напрыканцы студзеня — на спецыяльным паседжанні Савета ІІХФ, дзе ў Фазела толькі адзін голас, а галасаваць мусяць чатырнаццаць чалавек з розных краін свету (некаторыя ўжо зараз ваяўніча кажуць, што аб ніякім чэмпіянаце ў Беларусі не можа быць і гаворкі).

Але ж вось Фазел прыехаў у Мінск. Як прайшла сустрэча, і ці можна нешта прачытаць паміж радкоў афіцыйнай хронікі?

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Што казаў сёння Лукашэнка

Як і заўсёды, ён быў вельмі гаваркі. Інакш быць не магло ўжо таму, што хакей — шматгадовая жарсць Лукашэнкі, а чэмпіянат свету ў Беларусі — увогуле мара, якая надта цешыць. Аднойчы, у 2014-м, ЧС ужо праходзіў у Беларусі — за тое рашэнне ІІХФ таксама моцна крытыкавалі, але ж аглоблі Міжнародная федэрацыя так і не павярнула.

Зараз сітуацыя прынцыпова іншая. Праблемы з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі сямігадовай даўніны ў параўнанні з цяперашнімі — проста дзіцячы лопат. Вунь ужо і Міжнародны алімпійскі камітэт наклаў санкцыі на кіраўніцтва беларускага НАК, што раней і ўявіць было складана.

Аднак надзею на станоўчае рашэнне Лукашэнка не губляе, і яго галоўная надзея сядзела сёння перад ім за круглым сталом.

— Як прэзідэнта федэрацыі і асабістага сябра Беларусі хачу запэўніць, што ніякай небяспекі ні па якіх пытаннях у Беларусі няма і не будзе — ні па каронавірусе, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі ці фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці, — казаў Лукашэнка, а Фазел яго ўважліва слухаў (цытаты ўзятыя з паведамлення прэс-службы з нязначнымі скарачэннямі). — У нас пратэстоўцы і іншыя незадаволеныя не штурмуюць урадавыя ўстановы і капітоліі, у нас цалкам нармальная абстаноўка з пункту гледжання развіцця дэмакратычных працэсаў. І, Рэнэ, гэта галоўная прычына незадаволенасці асобнымі палітыкамі ў Еўропе Беларуссю.

І далей, у працяг уступнай часткі: 

— Думаю, што мне няма неабходнасці пераконваць вас у тым, што ў Беларусі ўсё нармальна. Ты сам чалавек дасведчаны, сам палітык, разумееш, што адбываецца. Мяне хочуць абвінаваціць у тым, што я абараняю сваю краіну і сваіх людзей, але мяне для гэтага і абралі. Я абавязаны забяспечыць грамадскую, унутраную і знешнюю бяспеку людзей і дзяржавы. Можа быць, мае дзеянні ў сувязі з гэтым камусьці на Захадзе не падабаюцца, але гэта іх меркаванні.

І нарэшце — па сутнасці праблемы:

— Адказваючы на галоўнае пытанне, як я ўспрымаю ўвесь ажыятаж вакол правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі. Скажу шчыра: вельмі спакойна. Здолее Міжнародная федэрацыя хакея выстаяць супраць несправядлівага ціску — значыць, мы правядзем чэмпіянат свету.

Калі Латвія адмовіцца — мы правядзем чэмпіянат у Беларусі, і гэта будзе лепшы чэмпіянат свету ў гісторыі. Думаю, ты ў гэтым абсалютна перакананы.

Калі Міжнародная федэрацыя хакея не справіцца з ціскам асобных палітычных колаў асобных краін — значыць, не будзе чэмпіянату свету ў Беларусі. Усё залежыць цяпер ад вас.

Таму рабі так, як будзе лепш хакею. Так, як будзе лепш тваім сябрам і табе асабіста. Мы крыўды ўтойваць не будзем.

Зборная Беларусі па хакеі. Фота championat.com

Зборная Беларусі па хакеі. Фота championat.com

Што сказаў Фазел

Наколькі шмат распавядаў Лукашэнка, настолькі нешматслоўным аказаўся ў сваёй прамове Рэнэ Фазел. На момант, калі пісаўся гэты тэкст, ад імя швейцарца прэс-службай Лукашэнкі было агучана толькі адно лаканічнае выказванне:

— Мы вельмі рады прысутнічаць тут сёння, каб абгаварыць гэтую сітуацыю. Сітуацыя трохі адрозніваецца ад той, што была ў 2014 годзе. Вы памятаеце, што ў 2014-м таксама быў ціск, але мы прыехалі і разам арганізавалі выдатны чэмпіянат. Сітуацыя трохі змянілася. Калі ў Беларусі пачаліся праблемы, на нас пачалі аказваець вельмі вялікі ціск. Але ў нас выразная пазіцыя: як вы сказалі, мы не хочам змешваць спорт і палітыку. І спорт павінен аб'ядноўваць народы, а не раз'ядноўваць.

Калі вы мала што зразумелі са словаў Фазела, то гэта нармальна. Кіраўнік ІІХФ чарговы раз паўстаў у ролі майстра дыплыматычнай рыторыкі кшталту «і вашым, і нашым». З аднаго боку — «сітуацыя змянілася ў параўнанні з 2014-м», з іншага — «не хочам змешваць спорт і палітыку».

І трэба было ехаць у Мінск, каб вымавіць гэтыя некалькі сказаў?

Зразумела, што больш грунтоўна Лукашэнка і Фазел гаварылі ў працяг — сам на сам і без лішніх вушэй. Магчыма, будуць гаварыць яшчэ, бо, кажуць, спадар Рэнэ дадому не спяшаецца і мае намер наведаць сёняшні вечаровы матч КХЛ з удзелам мінскага «Дынама».

Але што за дыскурсы-сэнсы-наратывы будзе трансліраваць Фазел свайму беларускаму сябру — гэтага мы ведаць не можам.

Што кажуць у свеце

136749168_3879588732103905_8732378730380995413_n_1.png

Вядома, што візіт Фазела ў Мінск не застаўся незаўважаным не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Даволі аператыўна на навіны з Палацу Незалежнасці адрэагаваў Фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) — ініцыятыва, створаная тымі атлетамі і функцыяянерамі, што прагнуць перамен.

«BSSF знаходзіцца ў поўным здзіўленні з нагоды сённяшняй сустрэчы кіраўніцтва ІІХФ у асобе Рэнэ Фазела і Аляксандра Лукашэнкі, — гаворыцца ў тэрміновым звароце Фонда, які ўзначальвае былая плыўчыха-чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя. — Тыя ветлівасць і цеплыня, з якімі спадар Фазел вёў перамовы са спадаром Лукашэнкам стваралі ўражанне, што сустрэча праходзіць не ў краіне, дзе за апошнія чатыры месяцы больш за 30 тысяч чалавек пабывалі ў турме і дзе дагэтуль блізу 170 палітычных зняволеных знаходзяцца за кратамі.

BSSF заклікае кіраўніцтва ІІХФ паважаць беларускі народ і тыя пакуты, якія перажылі людзі ад рэжыму Лукашэнкі. BSSF сумесна з усім беларускім народам і сусветнай дэмакратычнай супольнасцю заклікае ІІХФ:

1. У бліжэйшы час аб'явіць аб немагчымасці правядзення ЧС у Беларусі па прычыне грубейшага парушэння правоў чалавека і ўсіх агульначалавечых прынцыпаў з боку рэжыму Лукашэнкі.

2. Правесці расследаванне і прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава

3. Правесці расследаванне фактаў ціску на функцыянераў і гульцоў за іх грамадзянскую пазіцыю з боку кіраўніцтва ФХБ».

Узрушаная і сусветная хакейная супольнасць. Раней і неаднаразова супраць Мінска як месца правядзення чэмпіянату рашуча выступалі функцыянеры самых розных краін. А наконт байкоту турніру, калі яго не забяруць у Беларусі, услых разважаюць у сямі краінах-удзельніцах — Германіі, Фінляндыі, Даніі, Нарвегіі, Чэхіі, Швецыі і Латвіі.

Маўкліва паводзіць сябе хіба што Расія, але, здаецца, гэта той самы выпадак, калі маўчанне гаворыць само за сябе. Бо раней усходняя суседка старанна абараняла Беларусь не толькі ў палітыцы, але і ў хакеі...

Дата паседжання Савета ІІХФ па пытанні месца правядзення чэмпіянату свету-2021 пакуль не вызначана.