Праваабаронцы: рэпрэсіі 2020 года з’яўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў сваім аналітычным аглядзе па выніках 2020 года паведамляе, што з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні да канца года было затрымана больш за 33 тысячы грамадзянаў, вялікая частка якіх была пакараная судамі адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.

54179264_401.jpg

Паводле праваабаронцаў, прэзідэнцкая кампанія 2020 года адбывалася на фоне бесперапынных рэпрэсіяў і ціску, у тым ліку ў дачыненні да непасрэдных іх удзельнікаў, а самі выбары не адпавядалі стандартам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, суправаджаліся шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі. Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў мелі пераважна мірны характар ​​сходаў, але яны былі атакаваныя сіламі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў, спецтэхнікі і зброі. У выніку дзеянняў сілавікоў сотні людзей атрымалі раненні і цяжкія калецтвы, як мінімум трое дэманстрантаў у жніўні загінулі.
Тысячы затрыманых сталі ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.
«На дадзены момант ПЦ «Вясна» задакументавана больш за 1 000 сведчанняў ахвяр катаванняў. Іх аналіз дазваляе сцвярджаць пра тое, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар ​​і з’яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй уладаў па запалохванні беларускага грамадства», – адзначаецца ў аналітычным аглядзе.
Агулам, паводле звестак ПЦ «Вясна», з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні да канца года было затрымана больш за 33 тысяч грамадзян, вялікая частка якіх была пакараная судамі адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. Пасля выбараў у сувязі з пратэстамі былі распачатыя крымінальныя супраць больш чым 900 грамадзян. 169 абвінавачаных былі прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.
«Рэпрэсіі 2020 г. зʼяўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі і сведчаць аб глыбокім крызісе з правамі чалавека ў краіне, які прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі і санкцый з боку краін ЕЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі. Адзіным адказам уладаў на патрабаванні палітычных пераўтварэнняў у краіне з боку большасці беларускага грамадства з’яўляецца ўзмацненне рэпрэсіяў і імітацыя агульнанацыянальнага дыялогу па г.зв. «канстытуцыйнай рэформе». Дадзеная палітыка ўладаў толькі пагаршае крызіс і стварае перадумовы для яго далейшага развіцця ў будучыні», – канстатуюць праваабаронцы.
Белсат