Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек
У Беларусі 9 новых палітвязняў. 11 лютага беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай адмысловай заявай пра прызнанне палітвязнямі яшчэ 9 чалавек.
Праваабарончая супольнасць патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх усіх палітвязняў, спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
Палітвязнямі прызнаныя:
• Валянцін Панасік — асуджаны паводле ч. 3 арт. 130, 342, ч.1 293 КК да шасці гадоў зняволення за публікацыі ў сацыяльных сетках, што змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўлення;
• Станіслаў Кажамякін — асуджаны паводле арт. 130 КК да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення за каментары ў сацыяльнай сетцы з заклікамі «да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», якія не былі агучаныя ў судовым пасяджэнні.
Палітвязнямі таксама прызнаныя змешчаныя пад варту асобы:
• Вадзім Нікалаеў, які працяглы час знаходзіцца пад вартай паводле абвінавачання ў распальванні сацыяльнай варожасці па арт. 130 КК, у тым ліку падчас судовага разгляду справы, які неаднаразова прыпыняецца для правядзення экспертызы; гэта сведчыць пра адсутнасць дастатковых падстаў для абвінавачвання;
• Маргарыта Зотава, узятая пад варту паводле абвінавачання ў распальванні сацыяльнай варожасці па арт. 130 КК;
• Валерыя Глінская і Іна Глінская, узятыя пад варту паводле абвінавачання ў распальванні сацыяльнай варожасці па арт. 130 за «перадачу звестак супрацоўнікаў МУС у Telegram-канал»;
• Мікіта Старажэнка, узяты пад варту паводле абвінавачання ў распальванні сацыяльнай варожасці па арт. 130 КК за «перадачу звестак супрацоўнікаў МУС і СК Telegram-каналу»;
• Дзяніс Сальмановіч, узяты пад варту паводле абвінавачання ў «спрыянні тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі» па арт. 289 КК за супрацоўніцтва з «дэструктыўнымі» Telegram-каналамі і стварэнне для іх графічнай прадукцыі;
• Сяргей Лісоўскі, узяты пад варту паводле палітычна матываванага адвольнага абвінавачання ў тэрарызме па арт. 289 КК за негвалтоўную дзейнасць: згодна з наяўнымі звесткамі, ён сустракаўся з супрацоўнікамі МУС і пераконваў іх адмаўляцца выконваць злачынныя загады, спрыяў рэлакацыі тых з іх, хто звальняўся са службы і асцерагаўся пераследу.
Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых людзей палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі
Такім чынам, цяпер беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 1049 чалавек.