Праваабаронца выйграў справу ў пракуратуры

У дзеяннях магілёўскага праваабаронцы Валадара Цурпанава Ленінскі аддзел міліцыі абласнога цэнтру не ўгледзеў складу правапарушэння і спыніў супраць яго адміністрацыйную справу. Пракуратура вінаваціла актывіста ў ілжывым выкліку міліцыі.

Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў



Нагодай для канфліктнай сітуацыі, якая прывяла да складання пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння, як вынікае з матэрыялаў справы, стала патрабаванне праваабаронцы, каб памочнік пракурора гораду Віталій Маркаў прыняў ягоную заяву ў службовым кабінеце, а не ў фае будынку ўстановы.

 

Гэткім чынам, заяўляе Цурпанаў, можна было не парушаць правілаў ветлівасці, выказаць павагу да годнасці асобы і гонару чалавека, а таксама выканаць працэдуру пра абарону канфідэнцыйных звестак.

 

Супрацоўнік пракуратуры ж настойваў, каб наведнік прадʼявіў дакументы. У адказ Цурпанаў запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў. Пасля таго, як яму яе не выдалі, праваабаронца выклікаў міліцыю. Пакуль яе чакаў, кнігу прынеслі. Міліцыянт заявіў, што ў дзеяннях супрацоўніка пракуратуры не бачыць правапарушэння.

 

Пазней Валадар Цурпанаў даведаўся, што супраць яго Ленінскі аддзел міліцыі распачаў адміністрацыйную справу па факце дарэмнага выкліку міліцыі.

 

У гэтым жа раённым аддзеле на працягу двух тыдняў і разглядалі справу супраць праваабаронцы. Ён дамогся, на працэсе ўдзельнічаў перакладчык з рускай мовы на беларускую. Каментуючы рашэнне намесніка начальніка аддзелу падпалкоўніка Юрыя Калацілкіна актывіст заўважыў, што для яго яно нечаканае. Хада працэсу, казаў ён, сведчыла, што рашэнне будзе абвінаваўчым.

 

«І ўсё ж заставалася спадзяванне, што сістэма дасць задні ход, — выказваецца актывіст. — Мяркую, што міліцэйскае начальства адстаяла сябе ў канфлікце, які ініцыявала пракуратура Магілёва. Што да самога працэсу, то складвалася ўражанне, што рашэнне ўжо гатовае даўно, і яно не на маю карысць».

 

У рашэнні падпалкоўніка Калацілкіна зазначана, што Цурпанаў не рабіў «наўмысна ілжывага паведамлення, якое пацягнула прыняцце захадаў рэагавання міліцыяй, хуткай дапамогай, падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, або іншымі спецыялізаванымі службамі».

 

Разгляд справы супраць Цурпанава ў будынку раённага аддзелу міліцыі праходзіў адкрыта.

 

Валадар Цурпанаў — фігурант яшчэ адной адміністрацыйнай справы. Нагодай для яе сталася патрабаванне ад актывіста ахоўніцай у пракуратуры дакументаў і высвятленне мэты наведвання ўстановы. Праваабаронца настойвае, што такія патрабаванні незаконныя. Пра тое ён зрабіў запіс у кнізе скаргаў і прапановаў, але праваабаронцу ўсё роўна звінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. Актывіст больш за суткі правёў у няволі. Суддзя Ленінскага суду Вольга Бекешава адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць праваабаронцы на дапрацоўку. Сваёй віны ён не прызнае.


www.svaboda.org