«Прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла». Экс-палітвязні пра жоўтыя біркі
Практычна ўсіх затрыманых паводле «палітычных» артыкулаў аўтаматычна ставяць на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў»
Жоўтыя біркі зрабіліся своеасаблівым сімвалам палітвязняў у Беларусі. Такога колеру нашыўкі на адзенне і таблічкі на ложкі выдаюць зняволеным, якія пастаўленыя на прафілактычныя ўлікі як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў».
Затрыманых паводле «палітычных» артыкулаў ставяць на такі ўлік аўтаматычна, таму сотні чалавек у месцах зняволення цяпер ходзяць з жоўтымі біркамі.
Былыя палітвязні расказалі праваабаронцам, як прафулік уплываў на іх умовы ўтрымання ў СІЗА, калоніі і «хіміі», а юрыст Павел Сапелка пракаментаваў такую практыку.
«Палітычных можна адрозніць здалёк»
Як адзначаюць былыя зняволеныя, практычна ўсіх затрыманых паводле «палітычных» артыкулаў аўтаматычна ставяць на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Некаторым дадаюць іншыя прафулікі, напрыклад, «схільнага да гвалту да адміністрацыі і захопу закладнікаў», «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», «схільнага да ўцёкаў» і г.д.
У палітвязня Мікалая Дзядка, якія адбывае тэрмін у горацкай калоніі, на гэты момант налічваецца тры прафулікі. Ён нядаўна расказаў, што наогул існуе 10 катэгорый прафулікаў:
«Падумалася, што раней наша пакаленне збірала фішкі, маркі і налепкі, а цяпер — прафулікі. Засталося яшчэ сем (усяго 10 катэгорый), і будзе поўны камплект. Толькі для гэтага трэба будзе пачаць збіраць «абшчак» і гуляць у рызыкоўныя гульні».
Жоўтыя біркі выкарыстоўваюцца ў калоніях, на «хіміях» і ў некаторых следчых ізалятарах дзеля адзнакі тых, хто знаходзіцца на «экстрэмісцкім» прафуліку.
Упершыню пра тое, што «палітычным» зняволеным, асуджаным за падзеі 2020 года, у шклоўскай калоніі масава нашываюць на адзенні жоўтыя біркі, расказаў загінулы палітычны зняволены Вітольд Ашурак:
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў у сваіх апошніх лістах да сяброўкі Вітольд.
«На «Валадарцы» сустрэчы з адвакатам і следчым — праз шкло і краты»
Паводле былых зняволеных, жоўтыя біркі вешаюць на ложкі ў СІЗА Баранавічаў, Брэста і ў жодзінскай турме. У СІЗА-1 такая практыка не знайшла распаўсюду.
Экс-палітвязень Кірыл Салееў, які на «Валадарцы» прабыў чатыры месяцы, падзяліўся з праваабаронцамі «Вясны», як адзначаюць тых, каго паставілі на прафулік, там:
«На «Валадарцы» праверка прафулікоўцаў адбываецца так: адчыняюць «тармазы», заходзяць у камеру і называюць па прозвішчах — і глядзяць, на якім ложку спіш. Вось гэта была ўся праверка».
Былы палітвязень Аляксандр Багданаў (Папа Бо) пацвердзіў, што жоўтымі біркамі ў СІЗА-1 не адзначаюць тых, хто знаходзіцца на прафуліку, але звярнуў увагу на іншыя абмежаванні:
«На «Валадарцы» сапраўды такой практыкі (жоўтых бірак) не было. Прафулік ніяк не ўплываў ні на што ні ў мяне, ні ў сакамернікаў-прафулікоўцаў. Адно што — сустрэчы з адвакатам і следчым — праз шкло і краты, а ў простых бандытаў — у пакоі за сталом.
Мяне гэта не кранала і не абурала. Наадварот, весяліла».
«Прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла»
Кірыл Салееў распавядае, што з 12
чалавек у ягонай камеры — восем стаяла на прафуліках. З іх шэсць — «чыста
палітычныя». Паводле былога палітвязня, калі яго ставілі на прафулік, ён разумеў,
што гэта «адзнака палітычных»:
«Але самым зацятым «палітычным» ставілі прафулік не толькі па «схільнасці да экстрэмізму», але і як «схільным да гвалту да адміністрацыі і захопу закладнікаў». Такі прафулік быў у Дзядка. У такім разе ўмовы кардынальна адрозніваюцца: Дзядок заўсёды ў СІЗА хадзіў у кайданках. У яго быў асобны наглядчык, а на шпацыр хадзіў у асобны дворык у кайданках.
Было непрыемна пачувацца пазначаным, бо я разумеў, што нічога добрага мне не свеціць з гэтым прафулікам, калі мне дадуць пазбаўленне волі, таму я проста рыхтаваўся да найгоршага. Гэта быў такі псіхалагічны бар'ер, які мне вельмі цяжка даўся, але я яго ўсё ж такі пераадолеў пад канец. Я быў гатовы да ўсяго. І я быў гатовы да таго, што калі мне дадуць калонію, то мне давядзецца сядзець ад званка да званка.
Я лічу, што гэты прафулік па экстрэмізме — гэта свет Оруэла. Гэта пакаранне за думказлачынства, таму што людзі нічога дрэннага не зрабілі. Гэта абсалютнае варварства. Гэта абсалютная дыктатура. Гэта абсалютна недапушчальна».
«Гэта дадатковыя неабгрунтавана накладзеныя абавязкі і параза ў правах»
Праваабаронца Павел Сапелка звяртае ўвагу, што пастаноўка на ўлік практычна не можа быць абскарджаная:
«Такая нашыўка зрабілася меткай прыналежнасці асуджаных да катэгорыі тых, хто ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі пратэставаў супраць парушэнняў палітычных і грамадзянскіх правоў, выказваў сваё меркаванне і аб'ядноўваўся ў асацыяцыі. Нашыўка і статус асобы, схільнай да экстрэмісцкай дзейнасці, — гэта дадатковыя неабгрунтавана накладзеныя абавязкі і параза ў правах.
Вельмі важна, што рашэнні пра пастаноўку на ўлік прымаюцца ў адміністрацыйным парадку і практычна не могуць быць эфектыўна абскарджаныя ў судовым.
Варта дадаць, што рэакцыйны закон аб процідзеянні экстрэмізму дазваляе пасля адбыцця пакарання, і нават пасля пагашэння судзімасці яшчэ на працягу пяці гадоў паражаць у правах такіх асуджаных: ім забароненыя некаторыя прафесіі, а таксама на іх могуць быць накладзеныя іншыя абмежаванні».
За нязгоду з пастаноўкай прафулік — карцар
Асуджаная 12 траўня палітзняволеная актывістка руху «Маці-328» Марына Кісялевіч, якая ўтрымоўвалася пад вартай чатыры з паловай месяцы, расказала, што ў СІЗА-1 за нязгоду з пастаноўкай на прафілактычны ўлік яе адправілі ў карцар:
«Мяне змясцілі ў карцар на пяць дзён за тое, што я не была згодная з пастаноўкай на ўлік як нібы схільная да суіцыду і экстрэмізму. Я даказвала, што я не схільная, а паводле 16 КПК не вінаватая, і пастаноўка на ўлік незаконная. А прымус абгаворваць сябе — гэта ўжо 394 КК. У карцары я абвясціла галадоўку. Галадала ўсе пяць дзён, пакуль там знаходзілася. Грэлі мяне шкарпэтачкі і водар лавандавага мыла».