«Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому!» Апошні ліст Вітольда Ашурка да маці

Трыццаць дзён таму стала вядома пра смерць палітвязня Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых умовах. Апошні ліст Вітольда да маці Алены Міронаўны апублікавала Свабода.

6feecf24e12428d1689b256ec5e58452_1.jpg


Што адбылося?

Пра смерць Вітольда Ашурка родным паведамілі сёлета 21 траўня. Прычынай назвалі спыненне сэрца. Па словах сваякоў, у Вітольда ніколі не было праблем з сэрцам.
Цела вязня аддалі родным толькі праз пяць дзён з перабінтаванай галавой «ад макаўкі да носу». У моргу Магілёва ім патлумачылі, што выпадкова ўдарылі цела, калі даставалі яго з лядоўні. У дакументах аб смерці Ашурка дакладная прычына смерці не ўказаная.
Увечары таго ж дня з'явілася відэа Следчага камітэту, на якім відаць, як нібыта Ашурак у камеры ШІЗА, хістаючыся, двойчы падае і разбівае сабе галаву. Пасля першага падзення яму перабінтоўваюць галаву і пакідаюць аднаго ў камеры.
Сваякі не вераць у натуральную смерць Вітольда. Крымінальную справу па факце смерці вязня ў калоніі дагэтуль не завялі.


Вітольда Ашурка затрымалі летась 19 верасня за ўдзел у пратэстах. Спачатку каля месяца ён сядзеў па адміністрацыйных справах, потым на яго завялі крымінальную справу за «арганізацыю пратэстаў» і «гвалт над міліцыянтам». Яго асудзілі на 5 гадоў калоніі. 21 красавіка яго перавялі ў шклоўскую калонію. Апошні ліст, які блізкія атрымалі ад Вітольда, датаваны 23 красавіка. У апошнім лісце да сяброўкі ўпершыню адсутнічала ягоная нязменная ў ліставанні фраза «Жыве Беларусь!».
Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідскага раёну. Быў сябрам партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэнне экалагічных праблемы рэгіёну, займаўся ўшанаваннем паўстанцаў 1863 году, не раз безвынікова балатаваўся ў дэпутаты.

«Каб я не ўзначаліў Рэвалюцыю ў Лідзе, то сам сябе не паважаў бы!»

Апошні ліст да маці Алены Міронаўны Вітольд напісаў 14 красавіка з горадзенскай турмы.
«Мая любая мама!
Атрымаў учора перад адбоем Твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі — усяго некалькі словаў, але такі эмацыйны і пранізлівы, што аж сэрца сціскаецца!
Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбная мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі!
І цяпер мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькая і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў! А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто не будзе пароць Табе вочы, што Твае сыны злодзеі ці аферысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду, і заклікаў не мірыцца з жулікамі.
Каб я, мама, не ўзначаліў нашую Рэвалюцыю ў Лідзе, то, пэўна, што я сам сябе не паважаў бы! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, то ці варта чакаць павагі ад другіх людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасць падняць Паўстанне за Праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?»


«Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна!»

«На шчасце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газеты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касцёлах!
Лістоў столькі, што я ледзь паспяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэнне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісанне адказаў. Пішуць з Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Мінску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія з'ехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бельгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразіліі!
Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь свет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы з Мінску і Віцебску, каб павіншаваць з Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захаплення тым, што мы не мірымся з няпраўдай!
Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!»


«Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому!»

«А за мой побыт у турме не пераймайся, калі ласачка! Усё, што трэба, я маю! Тым больш, што Ты ж ведаеш, што я чалавек даволі сціплы!))) Дзяўчаты-валянтэры рэгулярна робяць перадачы, так што ежы хапае, ды я яшчэ дапамагаю тым, каму перадач няма.
Людзі ў камеры ўсе прыстойныя. Прыкладна аднаго са мной узросту. Са шпаной мяне не садзяць! У камеры цёпла. Кожны дзень шпацыры на свежым паветры цягам гадзіны. Людзі ў камеры неканфліктныя. Большая частка — „палітычныя“. Мяне паважаюць. Так што падстаў для клопату няма!
Учора прыязджала на „свіданку“ Вольга (жонка. — РС). Дзве гадзіны гаварылі з ёй. Казалі мне, што Ты вельмі сумуеш, але трымаешся малайцом! Трымайся, мама!
Вер, што 5 год я сядзець не буду! Ідуць перамены, і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з Табой! Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому! Моцна-моцна цябе абдымаю!
Твой сын Вітольд.
14.04.2021».

«Я люблю цябе, мама! І заўсёды любіў!»

Прыводзім таксама тэкст віншавання Вітольда Ашурка сваёй маці з Новым 2021-м годам.
«Мілая мама!
Віншую цябе з новым годам і калядамі! Вельмі моцна хацеў бы апынуцца побач з Табою, і абняць цябе, і доўга-доўга трымаць у абдымках!!! Спадзяюся, што ў новым 2021 годзе мы абавязкова сустрэнемся! Я люблю цябе, мама! І заўсёды любіў! Трымайся, мама. Я абавязкова прыеду дадому.
Твой сын Вітольд.
18.12.2020».
20 чэрвеня а 13-й гадзіне ў Бярозаўскім касцёле памоляцца на Імшы аб душы спачылага Вітольда Ашурка ў 30-ы дзень пасля ягонай смерці.