Краіна развіталася з Вітольдам Ашуркам (фота)
Жыхара Бярозаўкі, актывіста дэмакратычнага руху Вітольда Ашурка пахавалі сёння ў Бярозаўцы.
Жыхара Бярозаўкі, што на Лідчыне, Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня, асудзілі на 30 дзён арышту за ўдзел у 8 мітынгах. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе. 19 кастрычніка, адбыўшы арышт у лідскім ЦІПе, Вітольд на волю не выйшаў, а быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Таксама Вітольда абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэкса) падчас пратэстаў 9 жніўня.
Вітольда Ашурка асудзілі на закрытым пасяджэнні 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у шклоўскай калоніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі не меў праблем з сэрцам.
Людзі адкрыта кажуць, што яго забілі. «Людзей шмат, ад пачатку горада мы ішлі з кветкамі, і мінакі, нават без нашых пытанняў, казалі нам, куды ісці», — перадае карэспандэнтка «НЧ».
Ламаюць яловыя галінкі і кідаюць на шлях, па якім пойдзе пахавальнае шэсце.
У жалобнай працэсіі каля дзвюхсот чалавек.
Брат Андрэй узгадаў: «Калісьці Вітольд сказаў: "Калі я буду старым і памру, накрыйце мяне нашым сцягам". Старым стаць у яго не атрымалася, але яго воля — закон». І накрыў Вітольда сцягам
Людзі праспявалі «Магутны Божа».
Развітацца з Вітольдам прыехалі прадстаўнікі Еўрасаюза і амбасады ЗША.