Прадстаўнік працоўных: «Практычна ўсе прадпрыемствы ў Наваполацку «ляжаць»
Прафсаюзны актывіст — пра тое, як зніжаюцца зарплаты ў горадзе з найбуйнейшым у краіне прадпрыемствам.
Пра сітуацыю ў раённым цэнтры распавёў старшыня Рэгіянальнай арганізацыі Незалежнага прафсаюза Наваполацка Іван Святоха.
Лідэр прафсаюза пракаментаваў нядаўна агучаныя канцэрнам «Белнафтахім» планы вывесці наваполацкі «Нафтан» на бясстратную працу.
Па словах суразмоўцы, увесь мінулы год зарплаты работнікаў нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «стаялі на месцы»:
— Не было павышэння заробкаў, а інфляцыя ў краіне вы самі ведаеце якая. Пераводу работнікаў на няпоўны працоўны тыдзень не было, бо ў нас ідзе бесперапынны вытворчы цыкл і зрабіць гэта проста немагчыма. Што датычыцца планаў канцэрна, то іх можна выканаць, калі будзе поўная загрузка прадпрыемства нафтай (ў 2016 годзе нафты не хапала з-за беларуска-расійскага канфлікту - заўв.).
На думку Івана Святохі, сітуацыя на «Нафтане» выглядае нашмат лепшай у параўнанні з іншымі наваполацкімі прадпрыемствамі.
— За выключэннем нафтаперапрацоўкі, практычна ўсе прадпрыемствы ў горадзе ляжаць. Выжываюць толькі тыя, хто неяк завязаны на «Нафтан». Рамонтныя і іншыя арганізацыі ... А так усюды заробкі вельмі нізкія — 200-300 рублёў гэта базіс. Афіцыйная статыстыка часта неаб'ектыўная — гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы: адзін 2000 расійскіх рублёў атрымлівае, а другі 400, вось і атрымліваецца сярэдняя, самі ведаеце якая, — падкрэслівае ён.
Па інфармацыі суразмоўцы, у горадзе таксама працягваюцца масавыя скарачэнні — толькі на гандлёвых прадпрыемствах горада скарацілі ўжо каля двух тысяч чалавек. Так што, праблема «Нафтана» пакуль выглядае для мясцовых жыхароў далёка не самай актуальнай.
Паводле gazetaby.com