Пікет за адстаўку Валянціна Сукалы каштаваў актывісткам 690 і 1150 рублёў штрафаў

Актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» пакаралі штрафамі за пікет з патрабаваннем адстаўкі старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі Валянціна Сукалы, які прайшоў у Мінску 16 жніўня.

921e2e90_2117_4692_8b84_0661ceb774ae_cx33_cy9_cw67_w1023_r1_s.jpg

Праваабаронцу Тамару Сяргей аштрафавалі на 690 рублёў (30 базавых велічынь), актывістку Любоў Станкевіч — на 1150 рублёў (50 базавых велічынь).
Справы актывістак разглядала суддзя Цэнтральнага раённага суду Мінску Вікторыя Шабуня, вядомая тым, што была ў спісе неўязных у краіны Еўразвязу і ЗША за датычнасць да рэпрэсій супраць беларускай апазіцыі і грамадскай супольнасці.
«Мы патрабавалі адстаўкі менавіта старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы, бо думаем, што гэта ён адказны за тыя беззаконні, якія творацца ў беларускіх судах. Мы шмат разоў бывалі ў яго на прыёме, асабіста я сустракалася з ім не меней за 5 разоў і расказвала пра шматлікія факты, якія сведчаць не толькі пра незаконныя прысуды, вынесеныя ягонымі падначаленымі, але і пра іх непасрэдныя злачынствы. Але нічога не мяняецца, сумнеўныя справы не пераглядаюцца, суддзі з дрэннай рэпутацыяй працягваюць працаваць. Валянцін Сукала працуе старшынём Вярхоўнага Суду ўжо больш за 20 гадоў, ён адзін са стваральнікаў гэтай сістэмы, на якую так наракаюць сотні грамадзянаў, але сітуацыя не выпраўляецца», — кажа Тамара Сяргей.
Праваабаронца нагадала, што, акрамя пікету, у жніўні іх ініцыятыўная група накіравала таксама зварот з патрабаваннем адстаўкі Валянціна Сукалы ў Адміністрацыю прэзыдэнта. «Але адказу дагэтуль няма», — канстатуе Тамара Сяргей.
Пікет з патрабаваннем адстаўкі Валянціна Сукалы быў праведзены 16 жніўня на плошчы Свабоды ў Мінску. Міліцыя актывістам не замінала, але пазней яны атрымалі пратаколы аб правапарушэнні.
Тамара Сяргей кажа, што гэтыя пратаколы былі складзеныя са шматлікімі парушэннямі, у тым ліку ў актывістак не ўзялі тлумачэнняў аб прычынах іх дзеянняў.
«Дасведчаны суддзя мусіў бы не разглядаць гэтыя пратаколы з такімі хібамі, а вярнуць у міліцыю на дапрацоўку, але гэтага не адбылося. Яшчэ адно сведчанне таго, што суддзі не судзяць, а выконваюць загады», — лічыць Тамара Сяргей з ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры».
13 верасня ў Цэнтральным раённым судзе Мінску будуць таксама судзіць актывістку ініцыятыўнай групы Валянціну Каваленку.
Паводле svaboda.org