Зрабілі ператрус, пабілі, а ў дадатак вінавацяць у… брыдкаслоўі
Суд Заводскага раёна Мінска разглядае адміністратыўную справу сацыяльнага актывіста Рамана Халілава, якога вінавацяць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП).
Халілава
затрымалі яшчэ ў пятніцу, 8 верасня, каля 20:20 у пад'ездзе дома, у які ён
заходзіў. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол правапарушэння, нібыта ён лаяўся
матам, і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён правёў выходныя.
Напярэдадні затрымання ў кватэры актывіста міліцыянты правялі вобшук і забралі ўсю тэхніку, а таксама асабістыя рэчы, прадметы адзення, літаратуру і грошы, прычым у ягоную адсутнасць. У кватэру запрасілі толькі суседку. Аднак копіі пратакола не пакінулі ні суседцы, ні Раману Халілаву.
Пры затрыманні яго непасрэдна ў пад’ездзе збівалі па нагах, галаве, жывату, білі галавою аб сцяну.
Нагадаем, што Рамана Халілава затрымлівалі 24 сакавіка дома ў Мінску і асудзілі на 21 суткі за ўдзел у акцыі 5 сакавіка ў Брэсце. Тады большую частку ягоных рэчаў ужо забіралі ў межах "агляду", але потым неўзабаве вярнулі.