Ператрус у кватэры непаўнагадовага актывіста
Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў Івана Камара тэлефон, флэшку, жорсткія дыскі. Апроч гэтага таксама забралі дзве кнігі серыі «Беларуская турэмная літаратура», бо сказалі, што адзін з аўтараў кнігі, Ігар Аліневіч, "экстрэміст, і за гэта адбываў срок".
У пятніцу, 18 сакавіка, а 6 гадзіне раніцы ў кватэру, дзе пражывае 17-гадовы хлопец Іван Камар, прыйшлі чатыры супрацоўнікі міліцыі (з ГУБАЗ), двое з якіх былі ў цывільным.
Міліцыянты паведамілі, што будзе праведзены ці то ператрус, ці то агляд нібы за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы інтэрнэт. Таксама з іх словаў, супраць хлопца заведзена адміністрацыйная справа, але непасрэдных прычын і падрабязнасцяў справы ніхто не называў.
Непаўнагадовы Іван Камар распавядае:
“Пасля таго, як я ўзяў у рукі тэлефон, супрацоўнік міліцыі адвёў мяне ў бок і пачаў пагражаць, калі я не прыбяру тэлефон, то са мной будуць размаўляць ужо па-іншаму. Таксама ён абражаў мяне мацюкамі. Бацькі не чулі гэтага, бо міліцыянт размаўляў са мной шэптам”.
Пры гэтым супрацоўнік міліцыі не патлумачыў, якім чынам ім замінае мой тэлефон. Адразу пры панятых-суседзях міліцыянты папрасілі Івана самому адчыняць розныя рэчы. Але пазней яны ўжо самі пачалі гэта рабіць, што ўжо больш паходзіла на ператрус.
У выніку супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў Івана тэлефон, флэшку, жорсткія дыскі. Апроч гэтага таксама забралі дзве кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, выдадзеныя ПЦ “Вясна”.
“Я спытаў у міліцыянтаў, што ў кнігах такога, што яны забіраюць іх. Яны ў адказ паказалі на Ігара Аліневіча і сказалі, што ён экстрэміст, і за гэта адбываў срок, а ў мяне яго кніга. Таму яны яе таксама забіраюць”, — распавядае Іван.
Міліцыянты таксама забралі тры світшоты вядомага брэнда Le Rеvoltе, футболку “Рэвалюцыя свядомасці” symbal.by, байку «Вызваленне жывёл» на веганскую тэматыку. Растлумачылі гэта тым, што “такія рэчы ў сэканд хэндах не прадаюць”. Адзін з міліцыянтаў таксама казаў, што яны будуць спрабаваць прыцягнуць мяне да адказнасці за продаж такіх рэчаў.
Паралельна адводзілі бацькоў Івана ў бок і паказвалі відэа розных анархічных акцый, пры гэтым беспадстаўна сцвярджаючы, што “іх сын таксама ў такіх удзельнічае”.
Напрыканцы міліцыянты далі падпісаць бацькам Івана нейкія паперы, але на просьбу пакінуць копію адказалі адмовай. Адзінае, што яны пакінулі, — нейкі нумар тэлефона, куды сказалі тэлефанаваць, каб дазнацца, калі вернуць канфіскаваныя рэчы.
Чытайце таксама:
«Палітыка — гэта тое, як ты жывеш»