Перастаў працаваць краязнаўчы сайт, які стварыў палітвязень і журналіст Яўген Меркіс

«Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны», дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёна, перастаў адкрывацца. Цяпер пры адкрыцці старонкі nashkraj.info пазначаецца «сайт недасяжны».

bez_tytulu.jpg


Таксама выдалены тэлеграм-канал «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны». Стваральнік сайта і тэлеграм-канала — Яўген Меркіс.

На сайце «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны» можна было прачытаць, напрыклад, пра кніжную культуру Веткі, грамадзянскую вайну 1648-51 гадоў на Гомельшчыне, назвы посуду і начыння ў гаворках Лоеўшчыны і іншую інфармацыю, адзначае «Штодзень».

Гомельскі журналіст, гісторык, урбаніст Яўген Меркіс быў затрыманы 13 верасня. У журналіста прайшоў вобшук, у яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі. Таксама вобшукі прайшлі ў бацькі Яўгена і ў ягонай знаёмай.

Ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4). Паводле гэтага артыкула журналісту пагражае ад 2 да 6 гадоў зняволення. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязнем.


Палітзняволенаму журналісту Яўгену Меркісу блакіруюць перапіску. «За месяц зняволення Яўгену не перадалі аніводнага ліста ад сяброў, толькі ад бацькі», — паведамляе гамяльчанка Ларыса Шчыракова.

Адрас для лістоў Яўгену: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.