Пераможны матч БАТЭ з «Арсеналам» адкрыў хлопчык, які не бачыць на адно вока
Як захопленыя футболам дзеці могуць апынуцца на полі Лігі Еўропы і прынесці поспех улюбёнай камандзе?
14 лютага на
полі "Барысаў-Арэны" каманда БАТЭ перамагла лонданскі
"Арсенал" з лікам 1:0. Легендарны для беларусаў матч адкрыў
дванаццацігадовы "Юны арбітр KIA" з "Маладзечанскай
школы-інтэрната №2" Руслан Кашкоўскі.
Больш за пяць гадоў Руслан захапляецца футболам, старанна трэніруецца і марыць стаць прафесійным спартсменам. Але некалькі гадоў таму адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога юнак перастаў бачыць на адно вока. Пры гэтым хлопчык надзвычай мэтанакіраваны: марыць аб прафесійным спорце і дзеля сваёй мэты гатовы трэніравацца без якіх-кольвек патуранняў. Гісторыя Руслана атрымала агалоску дзякуючы футбольнаму трэнеру Аляксею Філіпаву. Ён напісаў ліст у кампанію KIA Motors, якая з'яўляецца партнёрам Лігі Еўропы, з прапановай зрабіць выхаванца школы-інтэрната сваім "юным арбітрам". І, на вялікую радасць трэнера, кампанія пагадзілася.
""Юны арбітр KIA" дапамагае дзецям па ўсім свеце ўвасабляць мары ў жыццё: адкрываць галоўныя спартовыя спаборніцтвы, — распавядае Вольга Сікорская, начальнік аддзела маркетынгу KIA ў Беларусі. — Мы радыя, што ў нас атрымалася рэалізаваць такі добры праект ужо двойчы. Спадзяёмся, што сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола мы і далей зможам знаходзіць у Беларусі такіх смелых і захопленых футболам дзяцей, як Глеб Удовін, што адкрываў матч БАТЭ з "Чэлсі", ды Руслан Кашкоўскі, які стаў зоркай гульні БАТЭ з "Арсеналам".
У дзень матчу юны арбітр трымаўся не па-дзіцячы сур'ёзна. Быццам і не яму трэба было ўжо ўвечары выйсці на поле да сваіх куміраў. Усе хлапчукі і дзяўчаты ў школе-інтэрнаце ведаюць, што Руслан марыць быць такім жа спрытным, як Месут Озіл з "Арсенала" і Аляксандр Глеб з БАТЭ. І шчыра радыя за таварыша.
"Да моманту, калі адчыніліся дзверы стадыёна і трэба было выйсці на поле, я не хваляваўся: напэўна, не верыў, што гэта адбываецца са мною, — дзеліцца ўражаннямі "Юны арбітр KIA" Руслан Кашкоўскі. — Але потым вакол мяне сталі збірацца спартсмены, сярод іх былі нашы Стасевіч і Глеб, Чэх з "Арсенала", і я нарэшце ўцяміў, што менавіта мне даверылі адкрыць такі круты матч. Хлопцы з каманды сказалі, што ў гэты дзень на "Барысаў-Арэне" было каля 13 тысяч чалавек, калі не болей".
Трэнера, дырэктара інтэрната і 10 гульцоў каманды Руслана таксама запрасілі на "Барысаў-Арэну". Для многіх выхаванцаў школы-інтэрната гэтая паездка стала першай магчымасцю ўжывую пабачыць матч такога маштабу. Для падарожжа юных спартсменаў KIA дала некалькі аўтамабіляў з асабістымі кіроўцамі, якія ў дзень матчу прывезлі дзяцей у Барысаў, а па сканчэнні знакавай гульні даставілі ў Маладзечна. Вярнуліся дадому хлопцы шчаслівыя: з лікам 1:0 беларускі БАТЭ атрымаў перамогу над лонданскім "Арсеналам".
Паводле прэс-рэлізу