Пенсіянерку арыштавалі на 11 сутак за «агрэсіўныя паводзіны»

30 чэрвеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку 61-гадовая Ала Спосаб паведаміла пра затрыманне дэлегаткі «Сходу» Вольгі Казановіч. Пры гэтым, яна дадала, што калі яе не будзе ў Фэйсбуку, то яе затрымалі. Так і здарылася, але толькі на наступны дзень.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ала вярталася дадому з прадуктовай крамы, калі да яе падышлі міліцыянты, спыталі прозвішча і імя, а потым прапанавалі праехаць у Фрунзенскі РУУС. Ёй нават не дазволілі занесці дадому прадукты. У РУУС жанчыну адвезлі для «прафілактычнай гутаркі» з-за інфармацыі аб тым, што Ала раней прымала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Але ў РУУСе на пенсіянерку склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за дробнае хуліганства. Згодна з пратаколам, яна «ў службовым кабінеце №24 Фрунзенскага РУУСа, парушаючы грамадскія правілы і нормы паводзін, наўмысна ажыццяўляла дзеянні, а менавіта: паводзіла сябе агрэсіўна і з выклікам, рукой скінула прыналежнасці са стала, перакуліла крэсла, на заўвагу супакоіцца не рэагавала».
2 ліпеня справу Алы Спосаб разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. На судзе дапыталі сведку-міліцыянта, які сцвярджаў, што затрымліваць пенсіянерку ніхто не збіраўся, а хацелі толькі пагутарыць і адпусціць дадому. Але «негледзячы на ўсе просьбы супакоіцца, жанчына працягвала паводзіць сябе агрэсіўна». Паводле яго словў, Алу даставілі ў РУУС каля 19:45, правялі яе ў кабінет №24, дзе пачалі тлумачыць пра тое, якія змены былі ўнесены ў КаАП, аб адказнасці, якая прадугледжана за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрымствах. Падчас гутаркі Ала нібыты стала паводзіць сябе агрэсіўна, з выклікам, пачала крычаць: «Чаму я тут знаходжуся, выпусціце мяне». Яна пачала махаць рукамі, скінула пісьмовыя прыналежнасці са стала. Ёй некалькі разоў тлумачылі, што дадзеныя дзеянні могуць кваліфікавацца як дробнае хуліганства, але на заўвагу яна не адрэагавала, а працягвала махаць рукамі, зачапіла крэсла, і яно перакулілася. Пасля чаго міліцыянты вырашылі заводзіць адміністрацыйную справу.
Ала Спосаб растлумачыла суду, што нават не памятае, як там крэсла ўпала. Паводле слоў пенсіянеркі, у яе дыябет, таму калі яна доўга не прымае ежу, то ў яе нямеюць пальцы, ад чаго ў яе магла ўпасці ручка. За гэта жанчына некалькі разоў прасіла прабачэння. Яна падкрэсліла, што яна настаўніца, таму за доўгія гады працы ў яе выпрацавалася такая манера размовы, на якую некаторыя крыўдзяцца.
Суддзі Ярохінай паказанняў сведкі хапіла, каб прызнаць Алу Спосаб вінаватай і арыштаваць яе на 11 сутак, перадаюць праваабаронцы.